Мікалай Золатаў: «Не было жадання проста сядзець на лаўцы, атрымліваць зарплату ды кайфаваць, што я гулец прэм'ер-лігі». Фота: ФК «Днепр-1»

Самы статусны легіянер 2020-х

Хай сабе «Бастыя» выступае ў другім па значнасці дывізіёне французскага першынства, Мікалай, далучыўшыся да клуба, ператварыўся ў найбольш уплывовага футбольнага легіянера сучаснасці. Да топавых першынстваў Еўропы акрамя Францыі таксама звычайна далучаюць Германію, Англію, Італію ды Іспанію. Сёння нікога з беларусаў, акрамя Золатава, там няма.

Як след, за абаронцам цікава будзе сачыць не толькі з пазіцыі ратавальніка карсіканцаў (зараз яны займаюць 14 месца з 20 магчымых), але і як амбасадара нашай краіны ў адным з лепшых чэмпіянатаў Старога Свету.

Першы чалавек, за якога «Віцебск» заплаціў

Золатаў нарадзіўся ў Віцебску і менавіта там пачынаў гуляць у футбол. Аднак калі справа дайшла да падпісання першага прафесійнага кантракта, роднаму клубу не падышоў. Як, дарэчы, і такому ж сціпламу ФК «Нафтан». Пасля гэтага абаронца ўсур'ёз думаў са спортам завязаць. Але салігорскі «Шахцёр» даў апошні шанец спартсмену.

Той за магчымасць учапіўся — і ўжо праз некалькі год гуляў у вышэйшай лізе. Дарэчы, у шыхтах «Віцебска»: той спецыяльна выдаткаваў 2,5 тысячы даляраў, каб вярнуць выхаванца на поўнач краіны.

«Пасля дырэктар клуба ўзгадваў, што я стаў першым гульцом у гісторыі «Віцебска», за якога клуб плаціў грошы», — узгадваў Мікалай.

Прапаноўваў фанам БАТЭ «адсмактаць»

У 2018 годзе «Віцебск» на «Барысаў-Арэне» здолеў здабыць нічыю ў змаганні з гегемонам айчыннага першынства. Аднак лікам 1:1 Золатаў быў не вельмі задаволены, бо яго клуб меў рэальныя шанцы перамагчы чэмпіёна: БАТЭ аднавіў раўнавагу на 89-й хвіліне з неадназначнага пенальці.

Аднак яшчэ больш Мікалая расчаравалі паводзіны хатніх фанаў.

«Асобнае прывітанне барысаўскім заўзятарам. Што вы там крычалі падчас гульні??? Адсмакчыце? Дык вось. Зрабіце гэта самі», — пакінуў футбаліст допіс у інстаграме пасля гульні.

З цягам часу пост, канечне, быў выдалены. Аднак кэш Google, як і фаны БАТЭ, тое добра запомнілі.

Абставіў Бэйла, дэбютаваўшы за зборную

У 2019 годзе абаронцу выклікалі ў стан галоўнай каманды краіны на таварыскі матч супраць Уэльса. У Кардзіфе Золатаву давялося змагацца з галоўнай зоркай супернікаў, Гарэтам Бэйлам з мадрыдскага «Рэалу». Мікалай выступіў годна, бо не даў суперзорнаму суперніку рэальных магчымасцяў адзначыцца ці ўскладніць беларусам жыццё.

Праўда, занадта старанныя дзеянні ледзьве не прывялі да выдалення Золатава, аднак арбітр пашкадаваў гульца — ды за фол супраць Бэйла даў толькі жоўтую картку. Дарэчы, пасля матча настаўнік валійцаў Раян Гігз абураўся, што беларусу даравалі жорсткі фол. Аднак гэта не перашкодзіла віцебчуку атрымаць праз месяц кантрактную прапанову з Расіі, ад клуба вышэйшага дывізіёна «Урала».

Паставіў футбол вышэй за грошы

У Екацярынбургу беларус затрымаўся на два гады. І калі напачатку меў шмат практыкі, то пасля не заўсёды нават у рэзерв трапляў. Вялікая колькасць беларускіх футбалістаў у аналагічных акалічнасцях не прымалі аніякіх дзенняў, бо былі задаволены велізарнымі — у параўнанні з Беларуссю — заробкамі.

Аднак Золатаў сам запрасіў трансфер ды перабраўся ў куды больш сціплы ўкраінскі «Колас». «Не было жадання проста сядзець на лаўцы, атрымліваць зарплату ды кайфаваць, што я гулец прэм'ер-лігі», — тлумачыў свой манеўр спартсмен.

Крыўдаваў на фанаў, аднак прызнаваў нізкі ўзровень зборнай

У кастрычніку 2020 года Золатаў даў рэзананснае інтэрв'ю, дзе выказаў крыўду ў бок заўзятараў. Маўляў, гульцы нацыянальнай каманды — гэта такія казлы адпушчэння, якіх ніхто не любіць і ўсе толькі крытыкуюць. Пры гэтым паабяцаў, што з цягам часу футбалісты паспрабуюць выправіць сітуацыю ды ўлюбіць у сябе суайчыннікаў.

Падаецца, што слова са справамі будзе разыходзіцца яшчэ доўга, бо ўжо праз два месяцы пасля паразы 1:5 ад Уэльса сам Мікалай прызнаўся: «Гэта ганьба, канешне. Трэба кожнаму з нас імкнуцца гуляць у футбол, рабіць гэта з душой, сэрцам, калі ўжо класу ў нас няма аніякага. Гэта наш узровень такі…»

Лічыў, што каранавірус распіяраны

Золатаў даволі скептычна ставіўся да пандэміі. Тлумачыў, што, на яго думку, істэрыя вакол захворвання была занадта перабольшана. Раіў усім часцей мыць рукі, карыстацца антысептыкам — і сцвярджаў, што ўсё будзе добра. Маўляў, у свеце былі куды больш сур'ёзныя захворванні — і нават іх чалавецтва перамагало.

Мікалай Золатаў: «Нават у ненарматыўнай лексіцы не апісаць тое, што яны [сілавікі] рабілі з людзьмі. Гэта сапраўднае вар'яцтва». Фота: ФК «Бастыя»

Аднак пры гэтым Мікалай негатыўна ставіўся да рашэння беларускай федэрацыі футболу адзінай у Еўропе працягваць нацыянальны чэмпіянат, калі ўвесь астатні кантынент з-за пандэміі гульні прыпыніў. Да таго ж ён асуджаў прыпіскі наведвання матчаў вышэйшай лігі ў тыя часы, бо не разумеў, навошта гэта рабіць з першынствам, якое і так не карысталася папулярнасцю.

Жорстка асудзіў гвалт сілавікоў

Золатаў быў адным з нешматлікіх прадстаўнікоў футбольнага свету Беларусі, які не проста выказаўся адносна падзей жніўня-2020, але і катэгарычна асудзіў гвалт сілавікоў.

«Нават у ненарматыўнай лексіцы не апісаць тое, што яны рабілі з людзьмі. Гэта сапраўднае вар'яцтва», — заявіў Мікалай. А пасля праз перавод грошай у фонд салідарнасці яшчэ і справай дапамог тым, хто пацярпеў ад катаванняў ды змагаўся супраць рэжыму.

Абураўся ўварваннем ва Украіну

Золатаў максімальна цвяроза разважае, калі аналізуе падзеі апошніх двух месяцаў ды не прытрымліваецца паўтаноў ці асцярожных фармулёвак.

«Калі б беларускія ўлады не прадалі ды не здалі ў арэнду нашую зямлю, то гэтая вайна на Усходзе ўжо б скончылася», — упэўнены гулец.

Ен на свае вочы бачыў, што адбывалася ва Украіне, і таму зараз не шукае слоў, каб захаваць палітэс.

Напрыклад, ён у адкрытую абурыўся паводзінамі былых аднаклубнікаў ды кіраўніцтва «Урала», якія на «Екацярынбург-Арэне» зладзілі акцыю ў падтрымку расійскіх войскаў. «У клубе цягам пяці гадоў капітанам з'яўляецца ўкраінец. Вы яго ўвесь гэты час насілі на руках. Хаця б у знак павагі да яго маглі не рабіць гэтай акцыі. Хаця пра што я? Грошы больш важныя», — пракаментаваў беларус.

Аднак самым яркім учынкам Золатава за апошні месяца назавем тое, што ён на ўласным аўтамабілі вывез бразільскага футбаліста з небяспечнай зоны.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Гулец зборнай Беларусі па футболе: «У Беларусі цяпер мы такія ахвярныя казлы. Ніхто за нас не заўзее»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера