У Мінску ў бліжэйшыя гады можа адзначацца дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік начальніка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Часлаў Роўба.

Ён растлумачыў, што на колькасці занятых у эканоміцы сталіцы адмоўна можа адбіцца нізкі ўзровень нараджальнасці 1990‑х гадоў.

Паводле даных субяседніка, колькасць занятага насельніцтва ў эканоміцы Мінска ў 2007 годзе прадугледжана павялічыць на 22 тыс. да 1 млн. 17 тыс. чалавек. За сем месяцаў бягучага года гэты паказчык склаў 1 млн. 9 тыс. «Да канца года колькасць працоўных рэсурсаў неабходна папоўніць на 8 тыс. чалавек. Аднак сёння тэмпы крыху замаруджаны. З‑за дэмаграфічнай сітуацыі ў бліжэйшы час папаўненне працоўных рэсурсаў будзе праблематычным», — канстатаваў спецыяліст.

Паводле яго ацэнкі, найбольш востра ў сталіцы адзначаецца попыт на рабочую сілу. Штомесяц у сярэднім прыкладна 2 тыс. прадпрыемстваў прадастаўляюць у службу занятасці звесткі аб наяўнасці свабодных вакансій. Цяпер у базе даных налічваецца амаль 25 тыс. вакансій, з іх 19 тыс. — па рабочых спецыяльнасцях. Пры гэтым 25 працэнтаў вакансій — па будаўнічых спецыяльнасцях.

Для вырашэння праблемы ўпраўленне занятасці насельніцтва распрацавала комплекс мер. У прыватнасці, для аказання дапамогі прадпрыемствам па камплектаванню кадраў 20 верасня ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў плануецца правесці гарадскі кірмаш вакансій. У далейшым такія кірмашы намечана праводзіць штоквартальна.

Характарызуючы стан рынку працы Мінска ў цэлым, Часлаў Роўба паведаміў, што ўзровень рэгіструемага беспрацоўя ў гэтым годзе пры заданні 0,6 працэнта захоўваецца ў межах 0,4 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Працэнт працаўладкавання ўсіх маючых патрэбу складае 41 працэнт. Сярэдняя працягласць беспрацоўя — 3,2 месяцы. Узровень занятых працоўных рэсурсаў складае 77 працэнтаў.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0