Такім чы Найвыйшэйшую адзнаку - 12 балаў - Беларусь атрымлівае ад Украіны. Ад Беларусі 8 балаў атрымала Расія, 10 - Азербайджан, 12 - Украіна.

Сёння ў Мальмё адбудзецца фінал Еўрабачання. «Наша Ніва» запрашае вас разам з намі паглядзець-паслухаць-абмеркаваць выступоўцаў і іх песні. Сёння ў нашай праграме: цяжарная эстонская спявачка, італьянскі крунэр, вялікая Боні Тайлер, трансвестыты, якія натоўпам прыехалі падтрымаць Фінляндыю і, канечне, Алена Ланская і яе планета Soleyoh!

Францыя

Амандзін Буржуа L’enfer et moi

І пачынаецца фінал з французскай эстраднай песні «Пекла і я» ў выкананні Амандзін Буржуа. Францыя праходзіць у фінал без конкурсу — адна з шасці краін, якія маюць такое права. Песня вельмі сімпатычная, урэшце, у французаў да эстраднай музыкі заўжды быў свой падыход. «Пекла» можна было б слухаць і без усялякіх конкурсаў.

Літва

Андрус Паявіс Something

О як радаваліся гэтаму спеваку латвійскія каментатары Еўрабачання — маўляў, на фоне Літвы латышскі гурт будзе глядзецца годна. Дарэчы, мелі рацыю. Адзінае, чым можна патлумачыць наяўнасць Паявіса ў фінале — тое, што ён прыйшоў з «савецкага» паўфіналу, дзе ўдзельнічала адразу шэсць краін былога СССР. Мусі, таварышы па няшчасці дапамаглі.

Малдова

Алёна Мун — O mie

Паўтаруся, калі б гэтая песня была перакладзена на англійскую, то ў фінале б мы яе не пачулі. І нічога б не згубілі. А так атрымалася міла, а гэта ўжо не сказаць, каб мала.

Фінляндыя

Крыста Зігфрыдс — Marry me

У паўфінале яна радавала нас лесбійскім перформансам, за які яе мусілі дыскваліфікаваць: яна спявала песню пра вяселле і ў канцы пацалавала бэк-вакалістку. Можа ў фінале Крыста перформанс дапрацавала? Бо песню дапрацоўваць не трэба — амаль Кэці Пэры. Аднак, на сцэне тое самае, што і ў чацвер.

Іспанія

El Sueño de Morfeo — «Contigo hasta el final

Часам здаецца, што краіны, якія адразу трапляюць у фінал, і не імкнуцца перамагчы. Вось і Іспанія сёлета — песня прыгожая, няўжо гэтага недастаткова? Насамрэч, песня крыху менш радыйная, чым трэба для перамогі. Але гэта ж Еўрабачанне, а не Алімпіяда.

Бельгія

Раберта Белароза — Love Kills

Раберта Белароза зможа ўпісаць у сваё творчае CV: «трапіў у фінал Еўрабачання». А вось як ён выступіў, колькі атрмаў балаў ад якой краіны, і, у рэшце рэшт, якая ў яго была песня, наўрад ці хто ўзгадае праз год.

Эстонія

Біргіт Ыйгемеэль — Et uus saaks alguse

А вось і актрыса Біргіт, якая часам удзельнічае ў пастаноўках п’ес Шэкспіра. Цяпер яна, дарэчы, на шостым месяцы цяжарнасці. Тая самая сітуацыя, што і з Малдовай — добра, што на роднай мове. Бо па-англійску гэтая песня б згубілася яшчэ на прасторах паўфіналу. А так «цукру» б з яе дастаць, зусім было б добра.

Беларусь

Алёна Ланская — Solayh

Ну, момант ісціны. Алёна Ланская праспявала весела і радасна. З такім нумарам можна было б яшчэ раз перамагчы на «Славянскім базары». Нас тут, дарэчы, супакоілі, што яе сукенка важыць усяго пяць кілаграмаў, а не як мы баяліся. У любым разе, Беларусь ёсць з чым павіншаваць — а) мы ў фінале, б) Ланская зойме месца вышэйшае, чым «3+2» (дарэчы, цікава, дзе яны падзеліся?) у 2010 годзе. Тым больш, што Ланская выглядае вельмі ўпэўнена.

Мальта

Джанлука Безіна — Tomorrow

Мальта выйшла ў фінал і гэта добра: мы маем магчымасць паслухаць тую музыку, якую б транслявала насамрэч добрае радыё. На сцэне Безіна і сябры ствараюць вельмі прыемнае ўражанне: проста і з густам.

Расія

Дзіна Гарыпава — What If

Абаяльная татарка Дзіна Гарыпава з інтэрнацыяналісцкім гімнам пра «Што, калі". у букмекераў апусцілася на прыступку ніжэй — замест чацвёртага месца яна цяпер мае пятае — абагнаў яе прадстаўнік Азербайджана. Калі б яе талент, ды на якую іншую песню, не пра мір ва ўсім свеце.

Германія

Cascada — Glorious

«Сёння ноччу мы можам быць слаўнымі» — спявае ў традыцыях сучаснай еўрапейскай эстрады нямецкі гурт Cascada. Немцы прааналізавалі мінулагодні поспех Ларын, і зрабілі нешта падобнае. Атрымалася не так стылёва.

Арменія

Dorians — Lonely Planet

Ну не ўпісваецца ў фармат Еўрабачання гэтая песня, што тут зробіш. Тоні Аёмі высакакласны музыка, аднак спецыялістам у стварэнні песняў для Еўрабачання ніколі не быў. І дзякуй Богу, бо ўявіце, як бы тады гучаў Black Sabbath.

Нідэрланды

Анук — Birds

Мы пісалі, што Анук прыехала з найлепшай павольнай песняй конкурсу, аднак праблема ў тым, што такая песня фізічна не можа стаць хітом з Еўрабачання. Тым не менш прыемна, што справа Марыян Фэйтфул працягвае жыць.

Румынія

Чэзар — It’s my Life

Ёсць меркаванне, што румын Чэзар уратаваў жыццё ўсяму прафесійнаму журы — інакш як растлумачыць яго наяўнасць у фінале? Самае крыўднае, што ў букмекераў ён ідзе на пазіцыю вышэй за Ланскую, хаця наша Алёна ў параўнанні з ім мінімум Лінда Ронстадт.

Вялікабрытанія

Боні Тайлер — Believe in me

Боні Тайлер стала зоркай яшчэ ў тыя часы, калі некаторыя ўдзельнікі Еўрабачання не нарадзіліся. У мінулым годзе Брытанія адправіла на конкурс яшчэ аднаго ветэрана Энгельберта Хампердзінка. І яе песня, і яго песня — у лепшых традыцыях англійскай поп-музыкі, якая дыктуе моду ўсяму свету вось ужо паўстагоддзя. Незразумела, ці гэта новы брытанскі спосаб рэанімаваць старых зорак? Калі так, то лепей звярнуцца да прадзюсара Рыка Рубіна, ён гэта ўмее лепей, чым любое Еўрабачанне.

Ісландыя

Эйтоўр Інгі Гюнлёгсан — Eg a Lif

Вось цікава, ці ўспрымалася б гэтая песня лепей, калі б Эйтоўр, які выглядае як персанаж легендаў і міфаў старажытнай Ісландыі, пайшоў за парадай «Нашай Нівы» і прыняў тлустую аркестроўку? Болей жа і сказаць няма чаго.

Азербайджан

Фарыд Мамедаў — Hold Me

Фарыда букмекеры палюбілі адразу і назаўсёды — раптоўна ён выйшаў на чацвёртае месца, якое да таго займала Гарыпава. Што тычыцца песні і шоу, то, па-першае, акцэнту ўсё яшчэ шмат. Па-другое, ідэя з прызмай з чалавекам унутры падаецца ўдалай. Не горшай за дыска-шар, гэта ўжо дакладна.

Грэцыя

Koza Mostra і Агафоніс Іакавідзіс — Alcohol is Free

Хоп-хоп, балканскі ска! Калі ў Грэцыі насамрэч так любяць адпачываць і весяліцца, то зразумела, чаму ў іх адбыўся крызіс. Галоўнае, каб дэлегацыя Грэцыі ў выпадку пройгрышу не пайшла біць вітрыны. Тым больш з такой во назвай калектыва. Прыемна было пачуць хлопцаў яшчэ раз.

Украіна

Злата Агневіч — Gravity

У чым патэнцыйная хітовасць песні Златы Агневіч, аўтар не сказаць каб разумеў. Тым не менш, калі не дэ Форэст, то яна. Букмекеры падманваць не будуць.

Нарвегія

Маргарэт Бергер — I Feed You my Love

«Індастрыял» як яго ўяўляе мэтавая аўдыторыя фм-эфіру. Тым не менш, трэцяя фаварытка Еўрабачання, пра якую мы ўжо пісалі двойчы. Новага там нічога не з’явілася, але там і так усё было някепска.

Грузія

Сафо Гелавані і Надзіка Тацішвілі — Waterfall

Адна з песняў другога паўфіналу, пра якую цяжка ўзгадаць, што яна там была. А яна была, і досыць паспяхова — усё ж такі трапіла ў фінал. І чым Беларусь, напрыклад, горшая? І чым усе папярэднія (апроч Румыніі) выступоўцы горшыя?

Ірландыя

Раян Долан — Only Love Survives

Лепей за ўсё беларускаму гледачу Долан запомніўся тым, што беларускія каментатары назвалі яго «няшкам». Хай бы Долан не па Еўрабачаннях ездзіў, а далей штудзіраваў англійскія поп-законы — з яго яшчэ можа атрымацца значны поп-спявак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?