Фота AFP.
Венгерскія студэнты з універсітэта горада Капашвар правялі семінар у споднім у знак пратэсту супраць новага дрэс-кода, які з 1 кастрычніка ўвяло кіраўніцтва ВНУ. Пра гэта піша венгерскае выданне Budapest Business Journal.
Студэнты і адна выкладчыца правялі акцыю 3 кастрычніка.
Відэазапіс «голага семінара» з'явіўся на тэлеканале Капашвара Kapos Pont. Як вынікае з роліка, некаторыя ўдзельнікі занятка распарануліся цалкам.
У акцыі пратэсту прынялі ўдзел 11 чалавек. Увайшоўшы ў аўдыторыю, яны распрануліся да ніжняй бялізны і правялі занятак, прыкрыўшыся падручнікамі.
Падставай для акцыі стала новае прадпісанне кіраўніцтва універсітэта Капашвара. Згодна з дакументам, студэнтам і выкладчыкам забаронена з'яўляцца на тэрыторыі ВНУ ў кароткіх спадніцах, шортах, сукенках без брэтэлек або з глыбокім дэкальтэ, а таксама ў сланцах.
Акрамя таго, пад забаронай апынуліся яркі макіяж, вялікія аксесуары і парфума з рэзкім пахам. Мужчыны, згодна з новымі правіламі, абавязаны з'яўляцца ў навучальнай установе толькі ў цёмных касцюмах, удакладняе BBC News.
Рэктар ВНУ зрабіў выключэнні толькі для лета, калі ў гарачыя дні на тэрыторыі ўніверсітэта можна будзе насіць лёгкую вопратку.
Абгрунтоўваючы правядзенне акцыі студэнты спаслаліся менавіта на гэты пункт. Яны заявілі, што ў аўдыторыі было настолькі горача, што ім давялося распрануцца, адзначае Agence France-Presse.
Цяпер навучэнцы рыхтуюць новую акцыю: 7 кастрычніка яны збіраюцца прыйсці на заняткі ў сланцах і пляжных ручніках.