Амаль на паўдня зубар спыніў уборку буракоў у СПК «Доцішкі» Воранаўскага раёну.

Зубар выйшаў на поле зь лесу і распужаў мэханізаванае зьвяно буракаводаў. Вялізная, дзесьці 800‑кіляграмовая жывёліна перагарадзіла дарогу буракаўборачнаму камбайну «Фарвайт», мэханізатар якога каля трох гадзін ціхутка праседзеў у кабіне. Спэцыяліст і два паляводы дык зусім уцяклі з поля.

Тады зубар тройчы маніўся ўзяць на рогі самаходны мэханізм. Пасьля нясьпешліва еў буракі й валяўся на іх. Урэшце рэшт, уволю папатаптаўшы бураковы палетак, гігант вярнуўся ў лес.

Як падрахавалі ў СПК, за час вымушанага прастою мэханізатар змог бы сабраць больш за 40 т буракоў.

Траціну ці каля паловы тэрыторыі некаторых раёнаў Гарадзеншчыны займаюць лясы, пушчы й запаведнікі. Дзеля гэтага апошнім часам паўстае нямала праблем з‑за дзікіх жывёл. Асабліва раззухваліліся дзікі й зубры. Яны нішчаць пасевы збожжа, бульбы, буракоў і кукурузы. У прыватнасьці, у Сьвіслацкім раёне ад нашэсьця жывёл пашкоджаныя каля тысячы гектараў сельскагаспадарчых культур. Страты склалі больш як 245 мільёнаў рублёў.

Паводле БЕЛТА

19 верасьня ўвечары на аўтадарозе Лепель‑Полацк «Жыгулі» сутыкнуліся зь дзіком, які зьнячэўку выскачыў на дарогу.

Машыну вылецела на сустрэчную паласу і ўрэзалася ў «Аўдзі». Кіроўца «Жыгулёў» з траўмамі трапіў у больніцу.

Паводле СТВ

Ля вёскі Ласі Астравецкага раёну зь лесу неспадзеўкі выскачыў дзік і пратараніў аўтамабіль «Фальксваген‑Гольф», які ехаў на хуткасьці 80 км/г.

Пасьля сутыкненьня машыну матляла ўбакі яшчэ каля сотні мэтраў і ўрэшце яна вылецела пад адхон. На шчасьце, кіроўца і тры пасажыры сур’ёзна не пацярпелі — абышліся выцёнамі й драпінамі. Машына моцна пашкоджаная. Дзік здох.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0