Вандалы разбурылі агароджу помніка і пашкодзілі сам мемарыял у Куранцы Вілейскага раёна – адарвалі пліту і разбілі аснову, на якой яна стаяла.
Высветлілася, што зрабіла гэта кампанія з трох хлапцоў – 13, 14 і 15 гадоў. Так яны забаўляліся вечарам 29 і 30 кастрычніка.
Адзін з іх вучыцца ў Куранецкай школе, двое другіх – у Вілейскім прафесійна-тэхнічным каледжы.
«Чаму яны гэта зрабілі і навошта, патлумачыць не змаглі, – кажа намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Дударчык. – Крымінальную справу заводзіць не будзем, бо хуліганы непаўнагадовыя. Аднак стаіць пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці іх бацькоў і пастаноўкі падлеткаў на ўлік».
Усе жывуць у нармальных сем’ях і да адказнасці раней не прыцягваліся.
Магіла ахвяр фашызму на паўночнай ускраіне вёскі Куранец. Тут пахаваны 1040 мірных жыхароў, расстраляных і спаленых нямецка-фашысцкімі карнікамі 9 верасня 1942 года. У 1955 годзе на магіле ўсталяваны абеліск. У 2003 пабудаваны новы помнік на сродкі яўрэеў з Ізраіля.