У пятніцу ў Мінску, у Мінск-Арэне, выступіць кампазітар Эніа Марыконэ — аўтар музыкі болей чым да 400 фільмаў. За два дні да канцэрта маэстра даў прэс-канферэнцыю для беларускіх журналістаў а 8-й раніцы.

БелаПАН

БелаПАН

Самае цікавае пачалося адразу — на ўваходзе разам з прэс-рэлізам журналістам выдалі паперку са спісам крытычных для Марыконэ пытанняў. Выглядала яна так:

Пытанні, якія не варта задаваць Маэстра:

— ні ў якім разе не ўжываць фразу «спагеці вэстэрны»;
— ні ў якім разе не ужываць слова «саўндтрэк», замяніць на «кампазіцыя»;
— не здаваць дурных пытанняў: што вы любіце есці, піць і г.д.;
— не задаваць пытанняў, якія знаходзяцца ў вольным доступе ў Вікіпедыі, пра тое, што ўсім і так вядома;
— не задаваць падступных «жоўтых» пытанняў.

Пра тое, што ў маэстра Марыконэ характар цяжкі вядома (можна нават Вікіпедыю не глядзець), таму журналісты вырашылі размаўляць з кампазітарам «пра высокае».

Сам Марыконэ а восьмай раніцы выглядае так, як быццам ён ужо гадзіны дзве як на нагах – у акуратным касцюме, вялікіх акулярах, ён выглядае нашмат маладзейшым за свой узрост: праз пару дзён маэстра споўніцца 85.

Цяжкасць дыялогу палягала ў тым, што размаўляць давялося праз перакладчыка, а досыць доўгія фразы Марыконэ перакладчыца часа караціла да неасабліва складанага сказа. Напрыклад, пра што кампазітар казаў «белісіма» двойчы, у якім ключы ўзгадваў вялікага авангардыста Карлхайнца Штакхаўзэна, можна толькі здагадвацца.

«Ён кажа, што працуецца з прэзідэнтскім аркестрам няблага, аднак магло б быць і лепш», — кажа перакладчыца, на твары Марыконэ пры ўзгадцы аркестра Бабарыкіна таксама нічога не адлюстроўваецца: за бліжэйшыя дні кампазітару давядзецца прывесці аркестр у адпаведнасць са сваімі музычнымі задумамі.

Амаль на кожнае пытанне ён адказвае адным тэзісам «я шмат працаваў» ці «трэба шмат працаваць».

«Ніякага натхнення не існуе, гэта такая рамантычная ідэя, ёсць праца», «тое, чаго я дасгнуў – вынікі цяжкай працы» і гэтак далей.

Нават нечаканае тэалагічнае пытанне ад часопіса «Гаспадыня»: «кажуць, што таленавітых людзей пацалаваў Бог, ці верыце вы ў Бога?», здаецца не выклікаў у маэстра здіўлення.\

«Не думаю, што мяне нехта цалаваў, я проста вельмі шмат працаваў».

І канешне Марыконэ, увесь час узгадвае пра музыку. «Гэта адзінае, што я ўмею – пісаць музыку. Вось усе мяне пытаюцца пра музыку да фільмаў, але ж я напісаў болей за сто твораў для сябе, не для кіно, і вы не пытаецеся пра іх» – раптоўна абурыўся маэстра.

З задавальненнем Марыконэ расказвае (апроч працы і музыкі) пра сваіх дзяцей, праўда, і тут пераходзіць на любімую тэму.

«У мяне з чатырох дзяцей працуе толькі адзін. – смяецца кампазітар. – Гэта як статыстыка па Італіі – моладзі працуе толькі 30%.

Адзін з маіх сыноў стаў кампазітарам, хоць я яго і адгаворваў. Другі здымаў дакументальнае кіно, але зараз перастаў, пра што я шкадую. Дачка скончыла медыцынскі, зараз не працуе. І толькі адзін мой сын працуе, займаецца аўтарскімі правамі, дарэчы ягоная кампанія займаецца і правамі на музыку Эніа Марыконэ».

Прэс-канферэнцыя скончылася, калі яшчэ не было 9-й ранку – усё ж такі праца з любым аркестрам вымагае вялікай колькасці часу, а Марыконэ хай і не самы эксцэнтрычны суразмоўца, але кампазітар усё ж такі геніяльны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?