У 2013 годзе адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў Беларусі склала 1 млрд 723,8 млн долараў. Такія даныя апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт. Адносіны сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі да ВУП склалі мінус 2,4%.

Між тым у 2012 годзе сальда было станоўчым і склала па выніках года 3 млрд 23,4 млн долараў — дзякуючы гандлю растваральнікамі. Задачу захаваць знешнегандлёвае сальда станоўчым урад ставіў і на 2013 год. 

За мінулы год аб'ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі па метадалогіі плацежнага балансу склаў 89,5 млрд долараў ЗША, у тым ліку экспарт — 43,9 млрд долараў, імпарт — 45,6 млрд. Да ўзроўню 2012 года з разліку ў цяперашніх цэнах аб'ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў 88,8%, экспарт — 84,5% (прагноз на 2013 год — 115,2%), імпарт — 93,3%. 

Як адзначылі ў Белстаце, вызначальны ўплыў на фарміраванне агульнага вартаснага аб'ёму экспарту тавараў і паслуг аказваюць замежнагандлёвыя аперацыі з таварамі, доля якіх у 2013 годзе склала 83,4%. Уклад паслуг застаецца невысокім (16,6%). Разам з тым «назіралася станоўчая дынаміка яго росту — у параўнанні з 2012 годам доля паслуг павялічылася на 4,4 працэнтнага пункта». 

Адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі ў 2013 годзе склала 4 млрд 561,9 млн долараў. Аб'ём знешняга гандлю таварамі ў 2013 годзе склаў 80,2 млрд долараў, у тым ліку экспарт 37,2 млрд, імпарт — 43 млрд. Вартасны аб'ём экспарту рэспублікі ў параўнанні з 2012 годам з разліку ў бягучых цэнах паменшыўся на 19,2%, ці на 8,8 млрд долараў, імпарту — на 7,3%, ці 3,4 млрд долараў. 

Пакупніцкая здольнасць беларускага экспарту ў 2013 годзе ў параўнанні з 2012-м паменшала на 19,1%. Гэта абумоўлена «падзеннем фізічных аб'ёмаў паставак тавараў на знешнія рынкі і неспрыяльнымі цэнавымі ўмовамі». У параўнанні з 2012 годам таварная маса экспарту паменшылася на 17,4%, імпарту — на 7,2%. Сярэднія цэны экспарту знізіліся на 2,1%, імпарту — на 0,1%. 

Найбольш істотна скараціліся фізічныя аб'ёмы экспарту інвестыцыйных (на 14,5%) і прамежкавых (на 22,6%) тавараў, у тым ліку энергетычных (на 21,5%) і іншых прамежкавых тавараў (на 25,6%). Зніжэнне сярэдніх цэн экспарту назіралася ў групе прамежкавых тавараў (на 5,2%), што выклікана падзеннем цэн на энерганосьбіты (на 7%). Значна скараціліся фізічныя аб'ёмы ўвозу энерганосьбітаў (на 29,6%), сярэднія цэны знізіліся ў групах энергетычных і іншых тавараў (на 0,4% і на 1,9% адпаведна). 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?