У Расіі гоняць хвалю абурэння заявай украінскага прэм'ер-міністра Арсеня Яцанюка, якую ён зрабіў падчас інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу ARD у часе свайго візіту ў Нямеччыну. 

«Расійская агрэсія на Украіне — гэта атака на сусветны парадак і парадак у Еўропе. Мы ўсе добра памятаем ўварванне СССР у Нямеччыну і на Украіну. Мы не павінны дапусціць гэтага. Ні ў каго няма права перапісваць вынікі Другой сусветнай вайны. Аднак менавіта гэта спрабуе зрабіць расійскі прэзідэнт Пуцін», — сказаў Яцанюк.

Яцанюк меў на ўвазе захоп бальшавікамі Украінскай Народнай Рэспублікі ў 1920 годзе і падзел Германіі Берлінскай сцяной.

Аднак расійскія СМІ прыпісваюць Яцанюку зусім супрацьлеглае.

РІА «Новости» піша, Яцанюк лічыць, што Расія «спрабуе перапісаць» вынікі Другой сусветнай вайны.

Пуцінскі LifeNews пайшоў яшчэ далей і прыпісаў Яцанюку дату ўварвання.

«Арсеній Яцанюк зрабіў фундаментальнае адкрыццё ў галіне гісторыі. Аказваецца, 22 чэрвеня 1941 г. Савецкі Саюз напаў на Германію», — заявіла вядучая, угледзеўшы ў гэтым сувязь з паўмільярдным крэдытам Нямеччыны для Украіны.

Дэпутат Дзярждумы Аляксей Пушкоў выказаў здагадку, што «Яцанюка канчаткова панесла».

«Пасля яго заявы аб «уварванні СССР у Германію і ва Украіну» ў Другую сусветную яго нельга ўспрымаць сур'ёзна», — напісаў гэты расійскі палітык у Twitter.

Абвінавачванне Украіны ва ўсіх смяротных грахах было часткай абгрунтавання захопу Крыма і спробы захопу Данбаса ў 2014-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?