Лілія Ананіч, фота Кірылы Хілько

Лілія Ананіч, фота Кірылы Хілько

Дзяржава зробіць усё, каб Беларусь не стала арэнай інфармацыйнай вайны, заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч, выступаючы на X Міжнародным медыяфоруме, які праходзіць у Мінску.

Паводле яе слоў, канфлікты, якія разгортваюцца ў свеце, «наглядна пераконваюць», што «спакуса выкарыстоўваць мас-медыя як прапагандысцкі рэсурс у інфармацыйным супрацьстаянні не засталася ў мінулым». 

«Інфармацыйныя правакацыі сталі паўсядзённай руцінай, якая фарміруе ў людзей скажоную карціну свету. Шмат прыкладаў, калі ў дэструктыўных мэтах выкарыстоўваюцца нацыянальныя, канфесійныя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія маюць найбольшы канфліктны патэнцыял», — заявіла Ананіч. 

Аднак вырашэнне ўсіх праблем, паводле яе меркавання, можа быць знойдзена «толькі ў канструктыўным ключы», у той час як «падтасоўванне фактаў, нагнятанне страсцей, пошук ворагаў заўсёды вядуць да грамадскіх супрацьстаянняў і канфліктаў». 

Паводле слоў Ананіч, часам СМІ «падкідваюць фактычна не існыя, маргінальныя праблемы», якія «нагнятаюць напружанасць у грамадстве». Мэта гэтага відавочная — яна заключаецца ў тым, каб «убіць клін паміж краінамі і народамі», мяркуе кіраўнік Мінінфарма. 

«Беларусь не прымае такую палітыку і такія памкненні, — падкрэсліла Ананіч. — Наша інфармацыйная прастора, нацыянальныя СМІ ў абсалютнай сваёй большасці дэманструюць імкненне да ўзважанага, канструктыўнага асвятлення самых складаных праблем сучаснасці». 

«Мы зробім усё, каб інфармацыйная прастора Беларусі не стала арэнай інфармацыйнай вайны», — запэўніла міністр. 

Паводле яе слоў, сёння Беларусь вымушаная «па-новаму зірнуць на існую сістэму абароны сваёй інфармацыйнай прасторы», якая павінна стаць «гнуткай і адказваць усім патрабаванням часу». І ў першую чаргу неабходна «засцерагчы грамадзян ад выкарыстання ў дачыненні да іх маніпуляцыйных тэхналогій», не парушыўшы пры гэтым іх канстытуцыйнага права на атрыманне інфармацыі, падкрэсліла Ананіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?