Сацыяльная сетка Facebook дадала новыя опцыі кантролю стужкі навін карыстальніка, пішуць у блогу кампаніі. Яны ўжо даступныя ў вэб-версіі Facebook, стануць даступныя пасля абнаўлення мабільнага кліента для iOS 9 чэрвеня, для Android у бліжэйшыя тыдні.

Цяпер Facebook дазволіць лёгка абраць карыстальнікаў і старонкі, чые пасты не хочацца прапускаць. Іх пасты будуць выводзіцца на пачатку стужкі. Функцыя мае назву «See first».

Разам з тым новыя налады дазволяць лягчэй адпісвацца ад нецікавых людзей і аднаўляць скасаваныя падпіскі.

Facebook вядомы тым, што, у адрозненне ад большасці сацсетак, выдае пасты ў стужцы навін па змоўчанні не ў храналагічным, а ў «загадкавым» парадку. Сацсетка не раскрывае механізм сартыроўкі, паводле якога паказваюцца далёка не ўсе, а толькі «самыя цікавыя» (паводле аналізу паводзін карыстальніка) пасты.

Сярод прадстаўленых функцый няшмат новых — нешта падобнае ўжо было на Facebook і раней.

Чытайце падрабязней: Як зрабіць вашу персанальную стужку навін Facebook цікавай і карыснай

Каб не прапускаць пасты сяброў, іх як раней, так і цяпер можна дадаць у спіс «Блізкіх сяброў» («Close Friends») — тады пра кожны новы пост будзе прыходзіць асобнае паведамленне (але такія пасты будуць паказвацца ў стужцы так жа, як і любыя іншыя). Функцыі паведамленняў пра пасты старонак раней не было.

Таксама не было спісу тых, ад чыіх пастоў карыстальнік адпісаўся, хаця кожны факт паасобку фіксаваўся ва ўкладцы «Праглядзець актыўнасць» («Activity Log»). Адпісацца ад нецікавых людзей і старонак і раней, і цяпер можна, націснуўшы на стрэлачку справа ад паста і абраўшы «Схаваць допіс» («Hide post») ды далейшыя варыянты.

Як раней, так і цяпер можна абраць не толькі «загадкавы» парадак пастоў у стужцы, але і храналагічны. Для гэтага трэба націснуць на стрэлачку побач з надпісам «Стужка навінаў» («News Feed») у левай калонцы і абраўшы «Апошнія» («Most Recent»). Праўда, працуе гэта толькі ў вэб-версіі — у мабільных кліентах даступны толькі «загадкавы» парадак пастоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?