Валанцёрка Лера і стваральніца цэнтра Алена Зайцава (справа).

Валанцёрка Лера і стваральніца цэнтра Алена Зайцава (справа).

«А хто ведае песеньку пра капітана? Мне яе ў дзяцінстве спяваў тата. І калі мне цяжка ў жыцці, я яе сабе напяваю!» — прапануе Алена. Усе пагаджаюцца. Валанцёрка Лера адразу пачынае напяваць: «Жіл отважный капітан, он об’езділ много стран…» Прыпеў — «Капітан, капітан, улыбнітесь!..» — спяваюць усе разам.

У пакойчыку ўжо некалькі гадзін стаіць гоман, сыплюцца жарты, гучаць песні. Удзельніцы гомельскага цэнтра «Мерыдыян надзеі» абмяркоўваюць наступны выступ перад хворымі на анкалогію ў мясцовым дыспансеры. Што такое анкалогія, яны і самі добра ведаюць. Нават занадта добра — у чатырох з сямі жанчын быў рак.

«Значыць, спяваем пра капітана, потым Наталля выступае, расказвае пра свой вопыт: як былі рэцыдывы, як яна змагалася», — кажа Алена.

«Я магу яшчэ вершы прачытаць», — прапануе Наталля.

«Добра», — пагаджаецца Алена.

Менавіта з лёгкай рукі Алены тры гады таму і з’явіўся гэты цэнтр. Сёння за гэта ёй удзячныя і дактары-анколагі, і іх пацыенты.

Энергіі ў Алены Давідаўны Зайцавай заўсёды было з лішкам. У маладосці яна скончыла Гомельскі чыгуначны тэхнікум, адпрацавала тры гады ў Маскве, але вярнулася: прызнаецца, што яе трохі палохалі праблемы з жыллём, а ў Гомелі чакала свая кватэра. Вярнуўшыся, Алена ўладкавалася на чыгунку, дзе і прапрацавала 27 гадоў. Аднак у вольны час яе жыццё кардынальна адрознівалася ад звыклай схемы дом-работа.

«Звязда Давідаўна»

«Якраз разваліўся Саюз, усе пачалі займацца бізнэсам. Я і сама ездзіла гандляваць у Польшчу, пазней некалькі разоў наведвала Кітай — набывала тавар, потым прадавала ў Гомелі. Энергіі было шмат — я і мянялася зменамі, тут — брала за свой кошт, там — працавала суткамі. Пасля начной змены трэба было паспець прывесці сябе ў парадак і бегчы на рынак гандляваць. Грошай хапала — зрабіла сабе добры рамонт, ездзіла ў адпачынак. Ездзіла ў Грэцыю — прывозіла знаёмым адтуль футры».

Адначасова Алена вяла імпрэзы, пісала сцэнары і вершы, займалася з дзецьмі ў гомельскай габрэйскай грамадзе, вяла там жаночы псіхалагічны клуб і гурток па вывучэнні юдаізму. Паралельна вучылася ў Інстытуце вывучэння юдаізму. Карацей, паспявала паўсюль. «У сваім асяродку мяне называлі «Звязда Давідаўна», — смяецца Алена Зайцава. — Але неяк у адзін дзень я зразумела, што грошы ў мяне ёсць — і што? А чаго я хачу на самай справе? Мне стала так сумна і пуста на душы…»

Яна вырашыла змяніць сваё жыццё. Пачала з цыгарэт.

Курсы каштавалі 500 даляраў, а заробак быў 15

«Думаю: трэба кінуць паліць. І набыла кніжку псіхолага Луіса Дэвіса, з дапамогай якой людзі пазбаўляліся гэтай звычкі». Кніжка дапамагла. Алена, якая заўсёды цікавілася псіхалогіяй, зразумела, што гэта працуе. Яна запісалася на курсы псіхолагаў у Мінску і цягам года ездзіла туды два разы на месяц, на ўсе выходныя.

«Каштавалі курсы даляраў 500. Гэта прытым, што ў мяне зарплата была 15. Плюс у Мінску трэба ж яшчэ недзе пераночыць, нешта з’есці, — узгадвае Алена. — Але я ні разу не пашкадавала. Разам з вучобай я вырашыла шмат уласных псіхалагічных праблем».

Атрымаўшы дыплом, Алена не спынілася. У Гомелі яна запісалася на курсы па практычнай псіхалогіі для псіхатэрапеўтаў і лекараў, пасля наведвала лекцыі, якія чыталі на аддзяленні псіхалогіі ва ўніверсітэце: «Два дні я працую на чыгунцы. Затым два дні праводжу ва ўніверсітэце — слухаю ўсё запар». Але каб паўнавартасна працаваць псіхолагам, патрэбная была вышэйшая адукацыя. І ў 34 гады Зайцава паступіла ў Мінскі камерцыйны гуманітарна-эканамічны інстытут на спецыяльнасць «практычная псіхалогія». Адукацыя была платная. «На першую сесію грошай хапіла. А потым я кожны раз хвалявалася, дзе ж іх узяць. Пасля кожнай сесіі думала: ну ўсё, гэтая была апошняя. На наступную не зараблю», — смяецца Алена.

Але ж інстытут Зайцава скончыла і ўладкавалася псіхолагам на палову стаўкі ў адзін з мясцовых сацыяльных цэнтраў. Праўда, і з касаў не звальнялася: псіхалогія прыносіла задавальненне, але не грошы. Магчыма, мара так і засталася б марай, калі б не здарылася бяда.

Можна сказаць, пашанцавала

У 2011 годзе Алена вырашыла нарадзіць дзіця. Немалады ўжо век яе не палохаў. Але перад тым як зацяжараць, яна на ўсякі выпадак вырашыла прайсці падрабязны медагляд.

«Я была як заўсёды занятая. Прыбегла да чарговага доктара — мамолага — мне зрабілі УЗІ. І ўсё. Потым патэлефанавала, каб даведацца, ці ўсё добра. І ўрач кажа: у прынцыпе нармальна… але патрэбная маленькая аперацыя. Не, кажа, гэта не рак».

Аднак гэта быў менавіта рак. У грудзях у Зайцавай знайшлі пухліну. Можна сказаць, што ёй пашанцавала — гэта была яшчэ першая стадыя захворвання. Алене далі тыдзень на падрыхтоўку, затым паклалі на аперацыю.

«Канечне, адразу ў мяне была істэрыка. Я нават пазваніла сяброўцы і сказала, што пакідаю ёй кватэру. Больш мне і пагаварыць не было з кім. Бацькі памерлі, з сястрой на той момант адносіны былі не надта блізкія».

Спачатку Алене сказалі, што лячэнне займае два тыдні. Але толькі ў бальніцы яна ляжала тры тыдні. Потым некалькі тыдняў перапынак — і хіміятэрапія.

«Хімія робіцца па-рознаму. У мяне было 6 курсаў, адзін раз на 21 дзень. Гучыць не страшна, але пасля хіміі ты проста не можаш нармальна функцыянаваць амаль паўтара тыдня. І ваніты, і слабасць — гэта немагчыма апісаць».

Агулам Алена змагалася з хваробай каля 9 месяцаў. Але рашэнне дапамагаць хворым на рак выспела яшчэ ў бальніцы,адразу пасля аперацыі, кажа яна. Бо многія застаюцца сам-насам з дыягназам, як фактычна і сама яна. І што рабіць, куды ісці — невядома. Ёсць толькі ты, хвароба і страх.

Тут мне сапраўды дапамаглі

Пасля выхаду з бальніцы Алена распавяла пра свае ідэі некалькім жанчынам, з якімі пазнаёмілася падчас лячэння. Тыя падтрымалі. Спачатку яны проста наведвалі пацыентаў анкадыспансера, дзяліліся досведам, расказвалі, як трэба ставіцца да захворвання, што будзе пасля хіміятэрапіі, як лягчэй гэта ўсё перанесці. Людзі рэагавалі па-рознаму: хтосьці слухаў, хтосьці ўспрымаў як чарговых «сектантаў».

«На той момант арганізацыі, якія дапамагаюць хворым на рак, былі па ўсім свеце, нават ва Украіне. Але ў нас — не было, — кажа Зайцава. — І я вырашыла, што абавязкова ствару ў Беларусі такі цэнтр».

Сёння цэнтр псіхалагічнай дапамогі анкахворым «Мерыдыян надзеі» знаходзіцца ў мясцовым Доме культуры. Увесь цэнтр — гэта пакойчык з двума сталамі і некалькімі шафамі.

Паціху ў цэнтр пайшлі людзі. Сёння яго ў розны час наведваюць ад 10 да 30 чалавек. Гэта як валанцёры, так і тыя, хто ў свой час прыйшоў па дапамогу, а знайшоў яшчэ і сяброў.

У Наталлі было ўжо дзве аперацыі — спачатку зрабілі адну, але потым рак вярнуўся. Ёй выдалілі некалькі рэбраў, частку лёгкага.

«Быў такі этап, калі мне быў патрэбен хтосьці. Я жыла адна з сынам-падлеткам, і не было нават з кім паплакаць. Ды і хвароба такая — часам проста незразумела, што са мной адбываецца і што будзе далей. Я памру? Я выжыву? А доўгі час знаходзіцца ў такім «падвешаным» стане вельмі і вельмі цяжка, — расказвае Наталля. — Асабліва адной. А тут мяне сапраўды падтрымалі. Я зразумела, што я не адна і што з гэтым можна жыць».

Наталля перажыла ўжо два рэцыдывы хваробы.

Наталля перажыла ўжо два рэцыдывы хваробы.

Рак — псіхасаматычная хвароба, падкрэслівае Наталля. Калі чалавек настроіцца, што выжыве, — шанцаў у яго больш.

Псіхалагічны тэатр

Жанчыны з «Мерыдыяна» збіраюцца амаль штодня. Яны робяць сувеніры, выпускаюць брашуры, як справіцца з хваробай, якія потым раздаюць пацыентам у дыспансеры, ладзяць канцэрты для хворых, працягваюць расказваць, як жыць, калі ў цябе рак. Займаюцца псіхалагічным тэатрам — гэта калі людзі збіраюцца, абмяркоўваюць свае праблемы, знаходзяць супольныя тэмы, а потым на гэтую тэму самі пішуць маленькую п’есу на 10—15 хвілін і ставяць яе, пасля — абмяркоўваюць.

Таксама ў цэнтр запрашаюць псіхолагаў, якія працуюць з пацыентамі і іх блізкімі.

«Калі чалавек хварэе на рак, то прыняць гэта цяжка не толькі яму, цяжка ўсім, хто побач. Аднойчы да нас прыйшла сям’я: маці, бацька і сын. І ў бацькі, і ў сына адначасова знайшлі пухліны ў мозгу. Куды ім было ісці, акрамя нас? Няма куды», — кажа адна з заснавальніц цэнтра Таццяна.

Псіхолагі дапамагаюць блізкім справіцца з бядой. Працуюць нават з дзецьмі — ім таксама трэба ўмець патлумачыць, што адбываецца зараз з бацькам ці маці. Тым больш, кажуць жанчыны, нярэдка ад анкахворых пачынаюць адварочвацца сябры і знаёмыя. Нават на працы ўзнікаюць праблемы — проста таму, што ніхто не разумее, што адбываецца з хворым на рак, як ён сябе адчувае — і фізічна, і псіхалагічна.

Не ператварыцца ў робата

Гомельскі «Мерыдыян надзеі» — адзіны цэнтр у Беларусі, які займаецца псіхалагічнай дапамогай анкахворым. Ні ў дыспансерах, ні ў бальніцах з хворымі на рак псіхолагі не працуюць. А іх дапамога часам патрэбная не толькі пацыентам, а нават і самім дактарам.

«У мінулым годзе я прыйшла на трэнінг, які зладзіў цэнтр. Там дапамагалі дактарам справіцца з праблемай эмацыйнага выгарання, — кажа Вольга. — Так і пазнаёміліся».

Вольга — практыкуючы хірург-анколаг. Яна прызнае, што псіхолагі ў анкалогіі быць павінны.

«Я не толькі раблю аперацыі, а яшчэ і вяду прыём. І паведамляць людзям пра тое, што ў іх рак, а часам і пра тое, што мы нічым ужо не дапаможам — вельмі няпроста. Прымаць усё блізка — немагчыма, не прымаць зусім — ператворышся ў робата, — тлумачыць яна. — А што тычыцца пацыентаў, то доктар ці санітар, можа, і не супраць выслухаць пацыента, пагаварыць з ім, але ён банальна не мае часу».

Пакуль Вольга расказвае, астатнія жанчыны гучна абмяркоўваюць заўтрашні канцэрт. Камусьці даручаюць набыць сцяжкі, камусьці — паветраныя шарыкі.

* * *

Падчас станаўлення цэнтра Зайцава працягвала працаваць на чыгунцы. Затым пэўны час жыла толькі за пенсію па інваліднасці, якую ёй прызначылі пасля захворвання. Сёння яе заробак складае тая ж пенсія плюс невялікія грошы, якія яна атрымлівае, калі ўдзельнічае ў праектах цэнтра як псіхолаг. Сам цэнтр жыве за невялікія і нерэгулярныя замежныя гранты. Ні Мінздароўя, ні мясцовыя спонсары яму не дапамагаюць. «Не перашкаджаюць — і дзякуй Богу», — пасміхаецца Алена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?