Невядомыя знішчылі возера плошчай 1,1 гектара паблізу вёскі Лісічнік Быхаўскага раёна разам з усёй рыбай.
Як паведамілі ў Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, тэрыторыю вадаёма, які знаходзіцца ў фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў і адкуль выйшла ўся вада, выявілі работнікі інспекцыі 8 ліпеня.
Фота: «Маяк Прыдняпроўя»
«Гібель азёрна-рачной рыбы здарылася ў выніку разбурэння дамбы і апаражнення вадаёма невядомымі асобамі. Падчас абследавання вадаёма былі знойдзеныя 2072 загінулыя карасі сярэбраныя. У выніку супрацьпраўных дзеянняў неўстаноўленых асоб навакольнаму асяроддзю нанесены ўрон у 2072 базавых велічынь (373 млн рублёў)», — сказалі ў міжраённай інспекцыі, зазначыўшы, што такі ўрон з'яўляецца асабліва буйным.
Невядомыя, якія разбурылі дамбу, паведамілі мясцовым жыхарам, што выкупілі возера і маюць намер пашырыць яго плошчу да 5 га, паведаміла старшыня Следзюкоўскага сельсавета Жанна Кірылава.
«Тэхнікай абкасілі і збіраліся нешта рабіць. Вёска выміраючая, крайняя. Але ўсё-такі мясцовыя жыхары неабыякавыя, хоць мясцовыя бабулькі і спалохаліся, але іх дзеці паднялі шум, і вельмі правільна зрабілі. Калі мы туды прыехалі, стаяла спякота, неймаверны пах і вельмі шмат загінулай рыбы. Адразу прыехала інспекцыя, выклікалі следчыя органы», — зазначае старшыня сельсавета.
Паводле яе слоў, на возера, якое знахозіцца на землях СПК «Следзюкі», ужо паклалі вока нейкія людзі. «Двойчы да нас у сельвыканкам звярталіся, пыталіся, як гэта возера можна ўзяць у арэнду, але мы людзям адразу адмовілі, сказалі, што на законных падставах — ніяк, таму што мы да гэтага возера ніякіх адносін не маем. І ў арэнду, на жаль, не нашай сесіі рашэннем, а на ўзроўні раёна пытанне вырашаецца», — сказала Кірылава.
Старшыня сельсавета губляецца ў здагадках, для чаго было знішчана возера і загублена рыба, бо браканьерства ў гэтым выпадку не відавочнае.
Як паведамілі ва УСК Магілёўскай вобласці, па гэтым факце справа пакуль не распачатая, праверку праводзіць Быхаўскі РАУС.