Выява: L. Balazs

Выява: L. Balazs

Астраномы пад кіраўніцтвам Лаяша Балажа з абсерваторыі Канколі ў Будапешце (Венгрыя) знайшлі самы вялікі ўпарадкаваны аб’ект свету, пра які распавялі ў часопісе Monthly Notices of the Royal Astronomical Society.

Кола з дзевяці гама-ўсплёскаў расцягнулася на пяць мільярдаў светлавых год. Для параўнання: дыяметр нашай галактыкі, Млечнага Шляху, складае толькі нейкіх сто тысяч светлавых год.

Гама-ўсплёскі — найбольш яскравыя электрамагнітныя падзеі Сусвету. Гэта выкіды агромністых масіваў энергіі вузкім прамянём, падобныя па характары да выбухаў. Найбольш распаўсюджанае тлумачэнне іх прыроды — выбухі звышновых пры іх ператварэнні ў нейтронныя зоркі. Іншы варыянт — паглынанне масіўных зорак чорнымі дзірамі.

Сістэматызацыя асобных гама-ўсплёскаў у кластар па разліках навукоўцаў вельмі малаімаверная, хутчэй за ўсё не выпадковая. Магчыма, яны паходзяць з галактык, размешчаных колам у плоскасці, перпендыкулярнай да назіральнікаў. Але хутчэй група ўсплёскаў не камбінуецца ў плоскі аб’ект — усплёскі адбываюцца ў розных частках Сусвету, колам да нас яны «ўсталі» таму, што знаходзяцца на паверхні нейкай сферы.

Як паказалі назіранні, усплёскі адбыліся амаль адначасова па мерках Сусвету, у інтэрвале 250 млн год (як ад сённяшняга дня да ўзнікнення дыназаўраў на Зямлі). Прычына такой сінхроннасці невядомая, але яна можа крыцца ў той сферы, вакол якой размясціліся аб’екты.

Аб’ектам нельга быць такімі вялікімі.

Такая сфера супярэчыць сучасным уяўленням пра максімальны памер касмічных аб’ектаў. Мяркуецца, што Сусвет вакол нас аднародны паўсюль і ва ўсіх напрамках — па падліках навукоўцаў, каб гэта было праўдай, трэба, каб аб’екты ў сусвеце былі ў пяць раз меншыя за тую сферу.

Чалавецтва назірала і большыя структуры (група галактык, вядомая як Вялікая сцяна Геркулес-Паўночная Карона, расцягнулася на 10 млрд светлавых год), але яны не ёсць упарадкаванымі, «маналітнымі» аб’ектамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?