У лістападзе ў эфір выйшаў аўдыёспектакль «Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца» паводле п’есы польскага класіка Аляксандра Фрэдры – супольны праект кампаніі «Прастора.бай» і Польскага інстытута ў Мінску.
Цэлы месяц, кожную суботу і нядзелю, спектакль гучаў на канале «Культура» Беларускага радыё. Хто не паспеў паслухаць — можа мець яго з сабою ў любы час, набыўшы на дыску ў кампаніі «Прастора.бай», якая і выступіла выдаўцом гэтага аўдыёспектакля.
Пра музыку, і тое, наколькі шмат мы яшчэ пра яе не ведаем, расказаў гукарэжысёр студыі Алег Чыжык. На яго рахунку восем альбомаў Змітра Вайцюшкевіча, тры альбомы Алеся Камоцкага. Алег запісваў і рок-гурты, і фолк-музыкаў, хоры і аркестры. Ён не толькі гукарэжысер, але і аранжыроўшчык, даследчык музыкі і таленавіты кампазітар. Некалькі яго музычных твораў гучаць і ў спектаклі «Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца».
Алег Чыжык.
— Спадар Алег, з якімі творчымі асобамі Вам давялося працаваць?
— На запіс у студыю «Гукапіс» завітваюць і маладыя музыкі-пачаткоўцы, і вядомыя спевакі і гурты. Тут рабілі запісы Алесь Камоцкі, Тацяна Беланогая, Паліна Рэспубліка, гурт «HandMade», рэпер Вожык… Музычнае афармленне аўдыёспектакля – гэта гурт «Вытокі» пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксея Фралова і, таксама, музыкі Купалаўскага тэатра Юры Хілавец і Генадзь Вішнякоў. Працаваць было вельмі цікава.
Алесь Камоцкі. Запіс новага альбома.
- А як сябе адчуваюць пачаткоўцы? Трэба ж добра выканаць, атрымаць добры запіс. Ці складана гэта?
- Ёсць у нас цікавая адметнасць – студыя «Гукапіс» запрашае музыкаў, творчых людзей на бясплатную Дэгустацыю гуку – праверыць, як будзе гучаць голас, інструмент, мікрафон. А я дапамагаю знайсці «свой гук» і выканаць песню так, каб яна кранала. Калі песня нікога не кранае, навошта яна?
Тацяна Беланогая завітала на дэгустацыю гуку для новай песні.
– Музыка зараз паўсюль. Якое месца яна займае ў паўсядзённым жыцці і ці не зашмат яе вакол?
– Цяпер музыка гучыць, сапраўды, паўсюль, на ўсіх уплывае, нават кіруе паводзінамі.
Напрыклад, з дапамогай музыкі спрабуюць кіраваць настроем пакупнікоў ў крамах, кавярнях, салонах прыгажосці. Але робяць гэта вельмі няўдала.
У крамах стала модна выкарыстоўваць музыку, якая «стымулюе продажы». Дык вось, падабраная часцей за ўсё музыка стварае характар, які называецца «знясіленне».
Характар адносін пакупніка і крамы – знясіленне! Чалавек пры гэтым: адхілены, замкнуты, застопараны, а музыка: зацыкленая, пагружаная, рытмічная. Сітуацыя знаёмая? Музыкай па галаве бум-бум-бум…
Я не ўпэўнены, што складальнікі музычных падборак для крамаў вывучалі працы Бехцеравай аб падборы даўжыні музычных фраз, каб пазбегнуць самнамбулічнага стану. Чым яны кіруюцца? Вось іх цытата: «Музыка фармуецца з улікам часу сутак, сезоннасці, мэтавай групы». Ім нават у галаву не прыходзіць, што характар музыкі павінен змяняцца ў часе па законах станоўчай драматургіі, калі хочуць ад пакупнікоў станоўчага ўспрымання крамы. Хоць бы паклікалі добрага дыджэя пракансультавацца!
Што з гэтым рабіць?
Асабіста я супраць схаванай маніпуляцыі людзьмі, але, як кампазітар, я за тое, каб музыка – няхай і ў гандлёвых сетках таксама – цешыла, кранала, абуджала сілы жыць і жыць добра. У крызіс гэта актуальна.
– Акрамя таго, што вы маеце непасрэднае дачыненне да запісу аўдыёспектакля Аляксандра Фрэдры, як гукарэжысер, раскажыце, якую ролю ў ім вы адыгралі як кампазітар?
– У спектаклі гучаць дзве мае тэмы, з якіх пасля апрацоўкі атрымаўся лейтматыў і некалькі песень галоўных герояў. Тэмы гэтыя былі створаны даўно, у 1999 годзе. Тады Павел Фадзееў, навуковы дырэктар кампаніі «ІнтэлПарт», прапанаваў мне незвычайны праект – напісаць музыку на кожны з 64 характараў, апісаных у старажытнай кітайскай «Кнізе пераменаў» (І-цзін). У Паўла была навуковая задача: праверыць, ці можа кампутар перадаваць пачуцці? Аказалася, можа – з дапамогай дакладна пазіцыянаванай музыкі.
Для мяне гэта быў велізарны досвед трапляння ў зададзены характар — пры складанні і пры аранжыроўцы. У выніку ёсць праца «64 характары ў музыцы». Гэты праект адлюстроўвае ўсе магчымыя характары, нават тыя, якімі сучасны соцыум не карыстаецца.
Я б удакладніў, гэта 64 характары ўзаемадзеяння чалавека з асяроддзем. Гэта музычныя тэмы, якія для мяне, як для Мендзялеева яго табліца, толькі ў музыцы.
– Як вы ставіцеся да шоу-бізнэсу як музычнай з’явы?
– Не люблю шоу-бізнэс. Яму пляваць, што ён «абдубашвае» цэлыя пакаленні слухачоў, выціскае і выкідае пачаткоўцаў.
Я ўпэўнены, што любы бізнэс павінен быць маральным, як і палітыка, як і чалавечыя камунікацыі.
– На ваш погляд, ці можа з’явіцца ў музыцы нейкая новая плынь?
– У XVIII стагоддзі існавала драматургічная музыка – гэта класічная музыка, якая абапіралася на «санатную форму». Гэты канон дазваляў ствараць музыку жывую, яна развівалася па тых жа законах, што і сюжэты ў жыцці.
Санаты, сімфоніі, канцэрты ствараліся на грунце санатнай формы. З геніяльных мелодый атрымліваліся геніяльныя творы. З трывіяльных мелодый атрымлівалася хоць і фонавая, але ўсё ж жывая музыка.
У адрозненне ад санат і сімфоній, сучасная песня доўжыцца 3-5 хвілін. Яе простая музычная форма не можа задаваць развіццё, якое будзе прыцягваць слухача, як добрая гісторыя.
Куплет-прыпеў, куплет-прыпеў, сола (ці мост) і два прыпевы. І каб усё ж прыцягваць увагу, поп-музыка напампоўвае яркасць дэталяў.
Але чым больш пашыраюцца яркія спосабы прыцягнення ўвагі, тым больш яны ператвараюцца ў шаблон. І ў выніку такая музыка ўяўляе ўсё меншую каштоўнасць. Гэтая супярэчнасць лёгка развязваецца за кошт стварэння музыкі па сюжэце. Прашу не блытаць, гэта не праграмная музыка, як «Чатыры сезоны» Антоніа Вівальдзі!
--Як такую сюжэтную музыку ствараюць?
— Вось адзін з падыходаў. Возьмем з жыцця ці з твора мастацтва станоўчую гісторыю, возьмем сваю мелодыю і будзем рабіць аранжыраванне, абапіраючыся на гэты сюжэт. Можна таксама ўявіць сабе нямое кіно на гэты сюжэт і агучваць сваёй музыкай гэтае кіно. Па сюжэце нашмат лягчэй развіваць музычную тэму, чым спадзявацца толькі на адну інтуіцыю, я ведаю. Такі ж падыход у мяне да вакалістаў. Калі трэба, я дапамагаю падчас запісаў спець так, каб сам голас распавядаў гісторыю, каб гэта кранала.
У выніку атрымаецца музыка, што развіваецца ўздоўж добрай жыццёвай гісторыі. Гэта не толькі прыцягвае ўвагу, але і запамінаецца, і кранае, і робіцца важным.
Станоўчы – гэта не проста «пазітыўны». Станоўчы той, хто яшчэ і кіруе працэсам станаўлення!
Я мару, каб нашую музыку пазнавалі па незвычайнай сюжэтнай цікавасці аранжыроўкі, па кранальнасці спеваў.
Але, каб стаць папулярнай, сюжэтная музыка павінна мець зразумелую, зручную для творцаў форму. Над гэтым цяпер і працую. І яшчэ, трэба парушыць які-небудзь дэграданскі канон. Вось так новае ўкараняецца!
Мая мара, каб у Беларусі існавала такая музычная плынь – станоўчая музыка.
Запіс аўдыёспектакля «Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца». Генадзь Аўсяннікаў і Ігар Пятроў.
Запіс аўдыёспектакля «Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца». Марта Голубева.
Запісана! Купалаўцы – Марта Голубева, Катярына Алейнікава, рэжысёр Ігар Пятроў. І дырэктар студыі Алесь Калоша.
X