Памеры платы за правядзенне некаторых адміністрацыйных працэдур у Беларусі будуць павялічаныя. Адпаведнае рашэнне змешчана ва ўказе нумар 53 ад 15 лютага, паведамляе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.
«Напрыклад, выдача пашпарта грамадзяніну Беларусі, які пражывае ў Беларусі, у сувязі з дасягненнем 14-гадовага ўзросту, а таксама выдача названага дакумента ў выпадку яго страты або крадзяжу абыдуцца грамадзяніну ў 1 базавую велічыню (210 тысяч рублёў) пры тым, што цяпер — 0,5 базавай», — гаворыцца ў паведамленні.
У адносінах да беларусаў, якія знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, захоўваецца бязвыплатны характар правядзення названых працэдур.
Акрамя таго, павялічаныя памеры платы за працэдуры, звязаныя з абменам пашпартоў грамадзян Беларусі, якія пражываюць у рэспубліцы, а таксама выдачай і абменам пасведчання на права жыхарства замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы.
Указам таксама зменены кошт некаторых працэдур у сферы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Так, рэгістрацыя змены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку замест 1 БВ будзе каштаваць 2 БВ.
Кошт выдачы паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану, а таксама аднаўленне запісаў актаў грамадзянскага стану павялічаны з 0,5 да 1 БВ.
Акрамя пералічанага, у Беларусі павялічаны кошт правядзення асобных адміністрацыйных працэдур у сферах афармлення знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў краіне, аховы аб'ектаў правоў прамысловай уласнасці, транспарту, прастаўлення апастыля на дакументах, легалізацыі дакументаў і іншых сферах.
Указ уступае ў сілу з 19 лютага 2016 года.