Настаяцель Свята-Зосіма-Савацьеўскага Вяліка-Кракоцкага мужчынскага праваслаўнага манастыра ў вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна благачынны ігумен Амвросій звярнуўся з лістом да архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя ў сувязі з сустрэчай 12 лютага на Кубе Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага Кірыла.
Падпісаныя на Кубе дэкларацыі ён абвясціў «усенароднай пропаведдзю ерасі экумэнізму ў духу Баламандскай Уніі». «Таму вымушаны выказаць пратэст з мэтай найхутчэйшага саборнага разгляду гэтага пытання. Формай пратэсту будзе адмова ў памінанні імя Патрыярха на набажэнствах на падставе 15 Правіла Канстанцінопальскага двухразовага Сабору, заснаванага на 31 Апостальскім Правіле, што не з’яўляецца выхадам за межы Царквы», — адзначыў ігумен, паабяцаўшы усіх прапаведнікаў экуменізму памінаць келейна.
Ён таксама заклікаў архіепіскапа Гурыя выступіць у абарону «адзінства Царквы ад згрызоты згубнай ерасі экумэнізму».
Разам з тым, паводле наяўнай інфармацыі, ліст падтрымкі ў іерарха не знайшоў і за адмову ад памінання імя Патрыярха ігумена Амвросія забаранілі ў служэнні.
Характэрна, што сам архіепіскап Гурый сам неаднаразова выступаў з крытыкай каталіцтва і, перш за ўсё, уніяцтва.