У старажытнае мястэчка Мір 31 траўня прыйдзе сьвята мастацтваў «Мірскі замак», сёлета яно будзе шостым па ліку.
Традыцыйна ў рамках сьвята пройдуць навуковыя чытаньні, у Доме культуры адкрыецца выстава фотамастакоў Гарадзеншчыны «Беларусь старажытная».
І старажытная музыка стане галоўным цьвіком праграмы. Асобную праграму прывязе камэрны аркестар Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, якім падчас гэтага канцэрта Міхаіл Фінберг даверыць кіраваць дырыжору Валерыю Сароку.
«Музыка ў духоўнай прасторы Беларусі. Шлях праз стагодзьдзі» — развагі на гэтую тэму будуць асабліва плённымі ля старажытных сьцен замку пад музыку, якую можна будзе паслухаць у выкананьні розных камэрных калектываў.
Але і жыхары раённага цэнтра Карэлічы далучацца да сьвята — для іх рыхтуецца вялікая праграма канцэрту з удзелам салістаў Нацыянальнага канцэртнага аркестру пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.