У сувязі з закрыццём Года ўкраінскай літаратуры — серыі мерапрыемстваў, якія на працягу 2016 году ладзіла «Кнігарня «Логвінаў», — у Мінску пабываў вядомы ўкраінскі інтэлектуал, прэзідэнт Украінскага ПЭН-клуба Мікола Рабчук.

Рабчук узяў удзел у дыскусіі «Геапаэтыкі/геапалітыкі: украінская і беларуская літаратуры і праблемы ідэнтычнасці на «посткаланіяльнай» мапе Еўропы», якая адбылася у Прэс-клубе сталіцы, а таксама выступіў у Пасольстве Украіны ў Беларусі.

«Наша Ніва» задала вядомаму ўкраінскаму інтэлектуалу некалькі пытанняў:

— Пане Мікола, скажыце, калі ласка, ці было нешта, чаго Вы не разумелі да 2014 года, а потым вам гэта стала ясна? Іншымі словамі: што было самым нечаканым для вас, чалавека, які прысвяціў жыццё вывучэнню Украіны і тлумачэнню яе для іншых?

— Самаю нечаканаю для мяне аказалася мера прагніласці ўкраінскай дзяржавы. Я ведаў, што дзяржава інфільтраваная расійскаю агентураю, я ведаў, што наш міністр абароны — расійскі агент, начальнік СБУ — расійскі агент і гэтак далей, але для мяне было нечаканым, як лёгка ўся міліцыя, СБУ перайшла на варожы бок, гэта для мяне было шокам.

Гэта было першае, чаго я не чакаў. А другой неспадзяванкай, другім здзіўленнем для мяне стаў размах валанцёрскага руху, які мы назіралі потым. Зноў-такі, я ведаў, што ў грамадстве ёсць гэты інстынкт салідарнасці, інстынкт незалежнасці, але тое, што ён стаў такім усёахопным — гэта было для мяне нечакана.

— Ваш кароткатэрміновы прагноз для Украіны.

— Ніякіх сутнасных зменаў я не прадбачу.

У нас будзе гэты зацяжны канфлікт, вайна на Данбасе, бо Украіна ніколі не прыме Данбас на ўмовах Пуціна.

А на іншых умовах яна яго прыняць проста не зможа. Што да рэформаў, яны будуць працякаць так, як яны працякаюць — млява, змушана, праз пень калоду, але яны будуць. Цяперашні ўрад не хоча рэформаў, але ён вымушаны на іх ісці пад націскам грамадства і міжнародных крэдытораў. Траекторыя збольшага вызначаная.

— Ці можаце распавесці, якое ўражанне на вас зрабіла Беларусь?

— Беларусь — гэта для мяне трохі загадка. Рэжым беларускі для мяне не вельмі прыемны, бо ён прарасійскі, прасавецкі. Але я здзіўлены трохі тым, што нават такі рэжым вымушана, воленс-ноленс будуе беларускую дзяржаву, разбудоўвае беларускую нацыю…

Можа, гэта не такая нацыя, як нам здавалася, яна будуецца не на аснове беларускай мовы — гэта, канечне, прыкра, але яна будуецца. Калі гэты аўтарытарызм можна назваць мадэрнізацыйным — ну што ж, гэта не найгоршы варыянт. Дай бог, каб гэтыя памкненні яму ўдаліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?