27 ліпеня ў Салігорску адбыўся штогадовы конкурс малюнкаў, прысьвечаны угодкам прыняцьця дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі. Дзесяткі маладзёнаў, што сабраліся ў цэнтры гораду, спрабавалі праз малюнкі выявіць любоў да Бацькаўшчыны.

Мерапрыемства набывае характар традыцыйнага, вось ужо трэці год запар «Малады Фронт» прапануе салігорцам такі конкурс. Сёлета некаторыя ўдзельнікі сур’ёзна рыхтаваліся і гэта выявілася ў сапраўдных творах мастацтва на асфальце: князь Альгерд, менскі Чырвоны касьцёл і выявы нацыянальнага герба "Пагоня" некалькі гадзінаў радавалі мінакоў. Атмасфэра таксама была сьвяточнай: музыка, усьмешкі,таленавітыя малюнкі, дзеці з бацькамі – гэта тое, што робіцца адметнасьцю конкурсу.

Як і абяцалі арганізатары,некаторыя аўтары былі адзначаны каштоўнымі прызамі: беларускімі кніжкамі, аўдыёкнігамі, саколкамі. Журы, у склад якога ўваходзілі вядомая паэтка Ніна Ермалінская, а таксама «маладафронтавец», рэдактар «Свабоднага Салігорску» Аляксей Валабуеў, вызначылі найлепшыя працы. Пераможцам, вось ужо другі раз, стаў Глеб Сандрас, навучэнец БДУ. Другое месца заняла праца "Князь Альгерд"(Шынкевіч Таццяна і Тарянік Аліна), трэцяе месца адпаведна выява "Пагоні".

Супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе стрымана, правяраючы пашпарты ў тых, хто фатаграфаваў конкурс.

Праз 5 хвілін пасьля завяршэньня, спэцтэхніка ЖКГ, якая тэрмінова прыбыла на месца конкурсу, змыла малюнкі.




Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?