У Брэсце ратавальнікі дасталі котку з вентыляцыйнай шахты 10-павярховага дома, паведамілі ў абласным упраўленні МНС.
Фота Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС
Выпадак адбыўся ў Зарэчным мікрараёне абласнога цэнтра ў адным са шматпавярховых дамоў па вул. Сальнікава. Жывёла правалілася ў вентканал, зваліўшыся з 30-метровай вышыні яшчэ некалькі дзён таму.
Неабыякавыя людзі звярнуліся па дапамогу да супрацоўнікаў МНС. Нягледзячы на тое, што падобныя выпадкі не ўваходзяць у задачы службы па надзвычайных сітуацыях, брэсцкія ратавальнікі адгукнуліся на просьбу.
Вызначыць месцазнаходжанне коткі аказалася няпроста. Давялося вывучаць праектную дакументацыю і прыцягваць спецыялістаў-будаўнікоў. Як высветлілася, знаходзілася вязніца на ўзроўні першага паверха. Праз некаторы час спецыялісты зрабілі ў сцяне невялікую адтуліну і вызвалілі змучаную і перапуджаную жывёлу з бетоннай пасткі.