Летась у брэсцкай бальніцы памерла некалькі дзяцей: асобныя бацькі прынялі гора і смірыліся, некаторыя — пайшлі ў следчыя органы і ў камісіі міністэрства, бо лічылі, што дзіця можна было выратаваць. У прыватнасці, была такая гісторыя сям'і Доўганяў, які згубілі 11-месячную дачку Еву. 

«Мы прасілі пра перавод у Мінск у цэнтр «Маці і дзіця», але нам адказвалі, маўляў, там няма месцаў і будзе такое самае лячэнне. Але якое лячэнне? Нам давалі «Ібупрафен», свечы «Цэфекон» і зрабілі літычную ін'екцыю. Хірург да нас не прыйшоў — я сама з дачкой падымалася да яго на пяты дзень, каб зняць шво ад гідраторакса. На шостыя суткі запрасілі дзяжурнага рэаніматолага Снарскага, які, урэшце, пацвердзіў факт сутаргаў. На просьбы іх купіраваць доктар аддзялення не рэагаваў. Загадчыца аддзялення працягвала лячэнне жарапаніжаючымі, мяняючы прэпараты і дазіроўкі. Канчатковага дыягназу да гэтага часу не было, толькі працоўная версія — энцэфаліт. Пасля чарговага кансіліуму быў прызначаны «Дапакін» для зняцця сутаргаў. Праз дзень у дзіцяці пачаўся флебіт, яго перавялі ў рэанімацыю. Калі ж мы ўрэшце настаялі на пераводзе ў Мінск, то рэаніматолаг паведаміў нам, што перавод наўрад ці адбудзецца, бо пачаўся ацёк лёгкіх. Дачка памерла. Яна месяц гарэла ад тэмпературы, без адпаведнага лячэння або перавода да больш кампетэнтных спецыялістаў», — расказала «Нашай Ніве» жанчына. Яна таксама наракала на абыходжанне з дзіцём — у яго з'явіліся пролежні. 

Падрабязна гэтую гісторыю можна пачытаць тут: У брэсцкай дзіцячай бальніцы памерла некалькі дзяцей — сям'я распавяла падрабязнасці

Сям'я звярталася ў следчыя органы і ў Міністэрства аховы здароўя, хадзіла на прыём да міністра. 

І вось сталі вядомы вынікі: Следчы камітэт парушэнняў у рабоце брэсцкіх медыкаў не выявіў, але канстатаваў «недахопы ў арганізацыі дынамічнага назірання за дзіцём, парушэнні нормаў этыкі і дэанталогіі, недахопы ў вядзенні медыцынскай дакументацыі». 

«Стан [дзіцяці] не выключаў магчымасці транспартыроўкі ў медыцынскую ўстанову Мінска. Аднак, улічваючы характар балезненых змяненняў, якія меліся ў Доўгань Е.В, экспертная камісія лічыць, што перавод не змог зрабіць адчувальнага ўплыву на сыход захворвання», — гаворыцца ў афіцыйных паперах. 

«Пры аказанні дапамогі ў поўнай меры вытрыманы рознаўзроўневы прынцып аказання медыцынскай дапамогі ў адпаведнасці з паказаннямі. Абследаванне дзіцяці было праведзена на высокім узроўні ў абласных установах аховы здароўя, згодна з профілем яго захворвання. Да аказання медыцынскай дапамогі прыцягваліся высокакваліфікаваныя спецыялісты», — гаворыцца ўжо ў выпісцы з бальніцы. 

Адметна, дарэчы, што ад чаго ж памерла дзіця ў выніку так і не ясна: «дэгенератыўная хвароба нервовай сістэмы». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?