Ромка з Барысава марыць вынайсці робата, які будзе пераводзіць праз дарогу тых, хто дрэнна бачыць. Вова з вёскі Лошніца, калі вырасце, створыць спецыяльны гаджэт, які будзе сам выклікаць хуткую дапамогу, калі чалавеку стане дрэнна. Каб хлопцы змаглі ўвасобіць свае ідэі ў жыццё, Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» адкрыла ў іх школах STEM-класы.

Тут дзеці робяць робатаў і вучацца праграмаваць. На практыцы выкарыстоўваюць законы фізікі, матэматыкі, хіміі і біялогіі. Хто ведае, можа сярод іх расце новы Марк Цукерберг! Такія класы могуць з'явіцца і ў іншых раённых школах. Трэба толькі падтрымаць таленавітых дзяцей з глыбінкі.

У Беларусі больш за 80% дзяцей вучацца ў рэгіянальных школах. У маленькіх гарадах няма або амаль няма сучасных курсаў для школьнікаў. З аднаго боку, Беларусь імкнецца стаць IT-краінай. З іншага боку, з кожным годам выпускнікоў, якія выбіраюць тэхнічную ВНУ, становіцца ўсё менш. Гэта выклік не толькі для айцішнікаў, але і для ўсёй эканомікі Беларусі. Не будзе кадраў — не будзе развіцця.

Укладвацца ў таленты трэба з дзяцінства. Менавіта таму «Імёны» падтрымліваюць праект STEM-адукацыя ў рэгіёнах. Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» адкрывае класы ў Мінскай і Брэсцкай абласцях. Платформа «Імёны» збірае сродкі на адкрыццё STEM-класаў у Гомельскай вобласці.

— Будучыня не за высокімі тэхналогіямі, а за такімі дзецьмі, як Рома і Вова, і іх ідэямі, якія яны абавязкова рэалізуюць, калі вырастуць, — упэўнены дырэктар Асацыяцыі Аляксандр Хоміч. — Самае галоўнае цяпер — падтрымаць іх імкненні.

Паглядзіце, якая яркая будучыня нас чакае, колькі новых вынаходак ў нас з'явіцца, калі мы сёння дамо школьнікам з глыбінкі магчымасць развіваць свае таленты.

Аляксандр, 15 гадоў, Жодзіна

Саша любіць прыдумляць камп'ютарныя гульні, але са Scratch (мова праграмавання для стварэння гульняў і анімацыі) пазнаёміўся толькі ў летнім адукацыйным лагеры. У школе яны праходзяць толькі базавыя рэчы, якіх недастаткова, каб развіваць гейм-дызайнерскія здольнасці. Саша быў бы шчаслівы, калі б і ў іх школе адкрыўся STEM-клас.

А яшчэ хлопец хацеў бы трапіць у будучыню на машыне часу. Не проста з цікаўнасці, а каб паглядзець, што будзе гадоў праз 100.

— Я б адправіўся ў будучыню, каб зразумець, ці прыдумалі людзі нейкае рашэнне праблем, якія зараз ёсць. І калі будуць нявырашаныя, то, магчыма, я змагу нешта зрабіць, прадухіліць гэта тут, у сучаснасці. А калі ўсё нармальна, то няхай і ідзе сваёй чаргой. Ну, а ў мінулае… а навошта ў мінулае? Лепш не паўтараць памылак мінулага, — па-філасофску заўважае Саша.

Вова, 13 гадоў, вёска Лошніца (Барысаўскі раён)

Мама даўно ўгаворвала Вовіка пайсці ў спартыўную секцыю: то на бокс, то на барацьбу. А ён усё адмахваўся: не маё, не цікава. А калі вясной у яго звычайнай сельскай школе адкрыўся STEM-клас, хлопчык з радасцю пачаў хадзіць на заняткі. Цяпер ён збірае робатаў, праграмуе і ўжо паспеў з'ездзіць на першы конкурс па робататэхніцы Hello robot. Вова упэўнены: у будучыні абавязкова будзе працаваць у IT-кампаніі, стане гейм-дызайнерам ці праграмістам.

- Праграміст — гэта ж не толькі гульні распрацоўваць, — тлумачыць Вовік. — Можна ж рабіць праграмы карысныя для людзей, у якіх ўсякія праблемы са здароўем. Напрыклад, чапляецца гаджэт спецыяльны каля сэрца, і калі пачашчаецца пульс ці дрэнна становіцца, ён сам выклікае «хуткую».

Гадоў праз сто паловы рэчаў у нас наогул не будзе, лічыць Вова.

— Іх заменяць тэхналогіі, — аптымістычна дадае школьнік.

— А як, напрыклад, тэхналогіі змогуць замяніць ваду? — пытаем у яго.

- Так, ваду ніяк не заменіш… — Воўчык задумваецца. — Можа, вынайдуць якія-небудзь магутныя фільтры, якія будуць чысціць, напрыклад, саляныя азёры ад розных забруджванняў, соляў, кішачных палачак усялякіх, каб атрымалася звычайная вада.

Яраслаў, 13 гадоў, вёска Лошніца (Барысаўскі раён)

Аднакласнік Вовіка Яраслаў таксама любіць займацца ў STEM-класе. Перад летнімі канікуламі яны паспелі зрабіць робата, які можа кідаць пінг-понгавы мячык у кальцо. Будучыню сваю Яраслаў бачыць у IT. Напрыклад, супрацоўнікам Google. Ну, а чаму не? Але ёсць і запасны варыянт.

— Я думаю, мой аднакласнік Вова створыць сваю кампанію кшталту EPAM і возьме мяне туды працаваць, — дзеліцца сваімі планамі Ярык і тут жа ўдакладняе: — Гэта калі ў Google не прымуць.

Рома, 8 гадоў, Барысаў

Рома ўвесь мінулы год займаўся робататэхнікай у новым STEM-класе. Хлопчык вось-вось пойдзе ў трэці клас. Але ўжо зараз дакладна ведае, што калі вырасце, будзе вынаходнікам. Робат-памочнік для сляпых людзей — не адзіная яго задумка.

— Я б хацеў зрабіць для інвалідаў такую каляску, каб інвалід сказаў: «Завязі мяне туды» — і робат адвозіць. А калі трэба адчыніць брамку, чалавек проста кажа: «Адчыні, калі ласка, брамку». І ў робата дастаецца механічная рука, бярэ ключы і адмыкае дзверы.

Ромка упэўнены, што ў будучыні наогул усё будзе аўтаматычным. Вось кажаш кававаму апарату: «Зрабі каву з цукрам» — і ён выдае напой. Або прыходзіш дадому стомлены, няма сіл дайсці да выключальніка, пляснуў у ладкі — і святло запалілася. А кіраваць аўтамабілем будзе аўтапілот.

— Рома, чалавек, напэўна, зусім лянівым стане, калі ўсё за яго будуць робаты рабіць?

— Але гэта ўсё толькі для сляпых, інвалідаў, толькі для такіх людзей, — удакладняе хлопчык. — А для іншых гэта не трэба, яны ж здаровыя, могуць і самі ўсё гэта зрабіць.

Мікалай, 13 гадоў, Барысаў

Коля ўжо паўтара года займаецца ў STEM-класе ў Барысаўскай школе. Вывучае Scratch і стварае свае гульні. Спачатку гэта былі простыя цацкі — стралялка і сімулятар самалёта — такімі распешчаных геймераў не завабіш. І Мікалай удасканаліў свае праекты, перавядучы іх у 3D-фармат. Калі вырасце, хоча працягваць рабіць гульні ў 3D. А яшчэ марыць стварыць карысны гаджэт, каб эканоміць ваду і не спускаць яе ў каналізацыю.

— Ці можна зрабіць вір: вада будзе праходзіць праз кран і вяртацца назад. Проста уключыў кран, трохі вады дадаў і вада можа цячы бясконца. І не трэба яе расходваць.

Анжаліка, 14 гадоў, пасёлак Энергетык (Дзяржынскі раён)

У сельскай школе, дзе вучыцца Анжаліка, пакуль няма STEM-класа. Але кожную суботу яна ходзіць на факультатыў па робататэхніцы. Любоў да вынаходніцтва ўжо прывяла яе да першых поспехаў. Сёлета яна заняла чацвёртае месца на конкурсе «Тэхнаінтэлект» са сваім праектам «Разумны дом для грызуноў і рэптылій».

— Такі дом працуе ад разеткі і сам падае ваду, ежу і астуджае паветра. Вы наладжваеце час падачы корма, ставіце тэмпературу, пры якой павінен спрацаваць вентылятар ці падагрэў, заліваеце ваду ў ёмістасць, насыпаеце корм і пакідаеце жывёлу на два-тры тыдні, калі едзеце ў адпачынак або камандзіроўку. Дом можна і не ўключаць у разетку, трэба проста дакупіць акумулятар.

Анжаліка марыць вынайсці маштабнага робата, які будзе карысны на заводзе і абавязкова адправіцца з ім у Токіа, на вялікую выставу.

І хоць дзяўчынка ўпэўненая, што ў будучыні амаль ва ўсіх прафесіях чалавека заменяць робаты і штучны інтэлект, людзі без працы не застануцца. Па-першае, робатаў нельга пакідаць без нагляду, каб яны не далі збой, трэба ўвесь час падтрымліваць іх працу, удасканальваць, пісаць новыя праграмы для іх. А па-другое, ўсё ж ёсць прафесіі, дзе чалавек усё адно будзе лепшым за робата.

— У сацыяльнай дзейнасці, дзе людзі абслугоўваюць людзей, больш эфектыўным будзе чалавек, — лічыць школьніца. — Таму што робат не можа адчуваць і ўвайсці ў палажэнне. Толькі людзі змогуць знайсці рашэнне нейкай праблемы. А робат не мае пачуццяў і таму не зможа прыняць дакладнае рашэнне.

Максім, 12 гадоў, Любань

Макс скончыў 6 класаў, але прызнаецца, што ўжо з 5 класа марыць навучыцца праграмаваць, каб цалкам прадумваць і ствараць ўласныя гульні. І ў гэтай справе ў яго ўжо ёсць поспехі: сёлета гульня Максіма ўвайшла ў 11 лепшых з 239 праектаў на рэспубліканскім конкурсе «Праграмаванне ў асяроддзі Scratch».

У будучыні, упэўнены Максім, нас чакае шмат цікавых вынаходак. Напрыклад, прыдумаюць партал, каб перамяшчацца ў прасторы: раз — і ты ў Афрыцы. Праўда, сам Максім марыць праз такі партал патрапіць у Амерыку — самую тэхналагічную краіну свету. Апынуўшыся там, ён адразу б адправіўся ў бібліятэку.

— Я б хацеў ведаць англійскую дасканала, пайсці ў бібліятэку і прачытаць кнігі замежныя, якія ў нас яшчэ не перакладзены.

— Можа, праграму якую прыдумаюць, каб замежную мову за гадзіну можна было вывучыць?

— Не, наўрад ці. Мова прыйдзецца вучыць самому і доўга, — упэўнены хлопец.

Арцём, 14 гадоў, Мінск

Арцём скончыў 7 класаў у інклюзіўнай школе. У яго ДЦП, ён прыкметна кульгае. Таму вынаходніцтва, якое марыць стварыць хлопец, калі вырасце, цалкам сабе зразумелае.

— Я вынайду такі касцюм для людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарата, у якім чалавек мог бы камфортна хадзіць па вуліцы. Касцюм будзе як звычайны плашч. І ў яго будзе ўбудаваны адмысловы апарацік, каб чалавек свабодна рухаўся.

— А што калі людзі вакол будуць думаць: «Хм, які дзіўны чалавек у плашчы»?

— Трэба проста растлумачыць ім, для чаго ён патрэбны.

Як можна дапамагчы

Каб усе задумкі гэтых хлопцаў былі рэалізаваныя, іх цікавасць, дапытлівасць і навыкі трэба падтрымліваць і развіваць. Заняткі ў STEM-класах — эфектыўны спосаб дапамагчы таленавітым дзецям.

У бліжэйшы час Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» адкрые за кошт свайго фінансавання яшчэ чатыры STEM-класы: два ў Баранавічах, адзін у Брэсце і адзін у Брэсцкім раёне.

«Імёны» збіраюць сродкі на адкрыццё класа ў Лельчыцах. Гэта невялікае мястэчка ў Гомельскай вобласці з насельніцтвам крыху больш за 11 тысяч чалавек. Раён з'яўляецца адным з найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Знайсці добрую працу ў горадзе складана, тут толькі дзве школы, гімназія, школа мастацтваў і бальніца. Яшчэ некалькі невялікіх магазінаў і «Еўраопт». Лішніх сродкаў у бацькоў на адукацыю для таленавітых рабят проста няма.

Падтрымаць вундэркіндаў з глыбінкі можна па спасылцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?