Пра зьнікненьне крыжоў Свабодзе паведаміў адзін зь лідэраў пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим», сустаршыня БХД Павал Севярынец, піша «Радыё Свабода».
Фота: Надзея Бужан.
Зьніклі тры з чатырох белых крыжоў, якія стаялі за плотам на тэрыторыі Курапатаў з заходняга боку, дзе месьціцца рэстарацыя.
«Відаць, гэта было зроблена сёньня ў першай палове дня ці ноччу, бо трава і кветкі, якія былі вакол крыжоў, выкапаныя, але яшчэ не засохлі», — лічыць Севярынец.
Зьніклыя крыжы былі добра відаць ад уваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим», а таксама з кальцавой аўтадарогі, адзначыў Севярынец.
«Альбо ўсё ж адбываецца горшае, пра што мы шмат разоў казалі, — што Курапаты па-ціхаму, па крыжу, але паступова зьнішчаць на загад уладаў. Альбо гэта нечая самадзейнасьць. Не выключаю, што і кагосьці з рэстарацыі, бо ад яе гэтыя крыжы былі добра бачныя, што называецца, мулялі вока, а цяпер ім стала «чысьцей». Але ў любым выпадку ніводзін факт вандалізму ў Курапатах да канца не расьсьледаваны, вось разбурэньне мэмарыялу і працягваецца», — мяркуе Павал Севярынец.
Атрымаць камэнтар у Бараўлянскім спэцлясгасе, які адказвае за тэрыторыю, не ўдалося — ніхто ня ўзяў слухаўку.