Калі вярнуцца да падзей мінулага тура, то варта адзначыць першую за сем тураў перамогу мінскага «Дынама». Падначаленыя Сяргея Гурэнкі у першай гульні пасля сканчэння ягонай дыскваліфікацыі разграмілі «Дняпро» з лікам 3:0. Дзякуючы нічыей «Іслачы» і паразе «Тарпеда-БелАЗ» мінчукі адарваліся ад канкурэнтаў за чацвёрты радок на чатыры балы, але ў «Дынама» наперадзе матч супраць БАТЭ і дэрбі з берасцейцамі, таму барацьба трывае.
Горача і на дне табліцы. «Гомель» выйграў у «Мінска» і крыху падскараціў адставанне. Цяпер яно складае чатыры балы ад 14-га «стыкавога» месца. Пра шанцы гамельчукоў раскажам крыху ніжэй.
А цяпер да падзей 29-га тура. Адзначым, што ўсе матчы адбудуцца ў нядзелю 24 лістапада і пачнуцца а 14-й гадзіне.
«Нёман» — «Энергетык-БДУ»
- Гродна, ЦСК «Нёман».
- Каэфіцыенты: «Нёман» (перамога) — 2.71; нічыя — 3.48; «Энергетык» (перамога) — 2.42.
- Матч першага круга — 4:2
«Студэнты» ў апошнім туры выйгралі дома ў «Тарпеда-БелАЗ», і, каб пазбегнуць наўпростага вылету, у бліжэйшых двух турах мінчукам трэба набраць хаця б адзін бал.
Гарадзенцы ж замацаваліся на восьмым радку. І хутчэй за ўсё, мала што можа памяняцца для «Нёмана».
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
«Гарадзея» — «Гомель»
- Стадыён «Гарадзея».
- Каэфіцыенты: «Гарадзея» (перамога) — 3.05; нічыя — 3.16; «Гомель» (перамога) — 2.35.
- Матч першага круга — 0:0
Жыццявырашальны матч для «Гомеля». Адставанне ад 14-га радка пакуль складае чатыры балы, але ў апошнім туры «Гомель» атрымае тэхнічную перамогу над ліквідаваным мінскім «Тарпеда», таму самі разумееце, наколькі важным будзе гульня ў нядзелю.
Пра ўсе магчымыя расклады варта будзе пагутарыць у анонсе апошняга тура, калі яны будуць рэальныя, а пакуль проста будзем чакаць матчу.
Прагноз «НН»: нічыя.
«Мінск» — «Шахцёр»
- Стадыён ФК «Мінск».
- Каэфіцыенты: «Мінск» (перамога) — 4.90; нічыя — 3.56; «Шахцёр» (перамога) — 1.71.
- Матч першага круга — 2:3
У першай гульні пасля адстаўкі Сяргея Ташуева «Шахцёр» разграміў «Славію» з лікам 5:1. Салігорцы згубілі шанцы на чэмпіёнства, але яшчэ прэтэндуюць на «срэбра», тым больш каляндар у «Шахцёра» значна прасцейшы за каляндар БАТЭ.
«Мінск» жа прайграў у мінулым туры «Гомелю» і пакуль знаходзіцца на 9-м радку. У сярэдзіне табліцы вельмі вялікая шчыльнасць, таму няўдачы могуць адкінуць «гараджан» ніжэй.
Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».
«Славія» — «Іслач»
- Мазыр, стадыён «Юнацтва».
- Каэфіцыенты: «Славія» (перамога) — 3.04; нічыя — 3.42; «Іслач» (перамога) — 2.23.
- Матч першага круга — 1:2
Варта пахваліць каманду Віталя Жукоўскага. «Ваўкі» вельмі годна глядзеліся ў матчах супраць БАТЭ і брэсцкага «Дынама», здабыўшы ў іх чатыры балы. «Іслач» працягвае змагацца за запланаваныя 50 балаў і мае магчымасць здабыць чацвёрты радок, а значыцца, і шанцы на ўдзел у еўракубках у наступным годзе.
Гол Аляксандра Макася прынёс нічыю «Іслачы» у гульні з брэсцкім «Дынама». Фота: ФК «Іслач».
Для гэтага трэба выйграваць у Мазыры.
Прагноз «НН»: «Іслач» не саступіць.
«Дынама-Брэст» — «Віцебск»
- Брэст, АСК «Брэсцкі».
- Каэфіцыенты: «Дынама» (перамога) — 1.22; нічыя — 5.95; «Віцебск» (перамога) — 12.25.
- Матч першага круга — 1:0
Яшчэ адна магчымасць для «Дынама», каб аформіць чэмпіёнства. На гэты раз — дома, перад сваімі заўзятарамі. Для гэтага трэба або перамагчы ў «Віцебска», або чакаць таго, што ў паралельным матчы БАТЭ не пераможа.
Складана сказаць, ці можа сённяшні «Віцебск» навязаць супраціў лідару табліцы, але прыклад «Іслачы» паказвае, што пры належнай матывацыі магчыма ўсё.
Прагноз «НН»: «Дынама» пераможа.
БАТЭ — «Дынама-Мінск»
- «Барысаў-Арэна».
- Каэфіцыенты: БАТЭ (перамога) — 1.44; нічыя — 4.333; «Дынама» (перамога) — 6.90.
- Матч першага круга — 2:1
Здаецца, на гэты раз увагі да беларускага класіка будзе крыху менш, чым звычайна, бо паралельна Брэст будзе спрабаваць аформіць чэмпіёнства.
Але падзеі ў Брэсце, відавочна, будуць адбівацца на гульні ў Барысаве. Сяргей Гурэнка яшчэ ніколі не выйграваў у БАТЭ, але з улікам таго, як барысаўцам складана ў апошніх турах набіраць балы, матч будзе для іх няпростым.
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
«Дняпро» — «Тарпеда-БелАЗ»
- Магілёў, стадыён «Спартак».
- Каэфіцыенты: «Дняпро» (перамога) — 2.23; нічыя — 3.28; «Тарпеда» (перамога) — 3.16.
- Матч першага круга — 0:1
У Магілёве не ўсё спакойна. З'явілася інфармацыя пра фінансавыя праблемы ў клуба.
Пакуль магілёўцы даволі камфортна сябе адчуваюць на «стыкавым» радку, але ўсё можа змяніць паралельны матч «Гомеля».
Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».
У сувязі са зняццем з чэмпіянату мінскага «Тарпеда» ва ўсіх астатніх матчах «аўтазаводцам» будзе прысуджана тэхнічная параза 0:3. На гэты раз пашанцавала «Слуцку».
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах, а калі захочаце схадзіць на стадыён, то апранайцеся цяплей! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!