У судзе Брэсцкага раёна сёння абвясцілі прысуд у дачыненні да замежніка, які перавозіў праз мяжу буйную партыю псіхатропаў і наркотыкаў, перадае БЕЛТА.

51-гадовы грамадзянін Украіны і Славакіі быў затрыманы ўвечары 16 мая ў пункце пропуску «Дамачава» пры ўездзе ў Беларусь. Падчас агляду ўсёдарожніка «Фальксваген» пагранічны нарад выявіў у аўтамабілі наркотыкі. У газавым балоне былі выяўленыя пакеты з рознакаляровымі таблеткамі каля 70 кг, а ў парогах аўтамабіля — брыкеты з рэчывам белага і карычневага колеру агульнай масай 12,5 кг. Экспертыза ўстанавіла, што таблеткі ўтрымліваюць асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва МДМА (экстазі), а парашком апынуўся какаін.

Судовыя слуханні па крымінальнай справе працягваліся з 4 лістапада. У выніку суд пагадзіўся з кваліфікацыяй дзеянняў абвінавачанага органам папярэдняга следства. Мужчына прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.328 і ч.2 арт.328-1 (незаконны абарот і незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) Крымінальнага кодэкса. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе 19 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0