Гісторыя з адзінай беларускамоўнай школай у Камянецкім раёне, што ў Амелянцы, якую пагражалі закрыць, атрымала працяг. Учора, 30 студзеня, яе наведаў памочнік Лукашэнкі — інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч. Ён агледзеў будынак, пагутарыў з дырэктарам і настаўнікамі. Прычым размову вёў выключна па-беларуску.
Кажуць, калі дырэктар школы Мікалай Кендысь спрабаваў адказваць яму па-расейску, Маркевіч нават зрабіў заўвагу.
«Брэшуць! Паказуха звычайная, лухта, выдуманая бязглудзіца, нічога такога не было, што ў інтэрнэце напісана», — пракаментаваў па-руску «Нашай Ніве» сам дырэктар.
Дырэктар Амелянецкай сярэдняй школы Мікалай Кендысь.
Што абмяркоўвалася падчас візіту ў школу памочніка Лукашэнкі, Мікалай Кендысь адмовіўся казаць.
«Пра што мы размаўлялі з ім — гэта нашы справы. Змест гутаркі я перадаваць не буду».
«Можа, ёсць планы зрабіць капрамонт у школе (там няма гарачай вады, а прыбіральня знаходзіцца на вуліцы. — «НН»)?»
«Таго я нічога не ведаю», — адрэзаў ён.