Ларга Ўінч: Пачатак (Largo Winch)
Францыя, 2008, каляровы, 108 хв.
Рэжысёр: Жэром Саль
Ролі выконваюць: Томер Сіслэй, Крысцін Скот Томас, Мікі Манойлавіч, Мелані Цьеры, Гілберт Мелкі, Стывэн Ўэдынгтан
Жанр: Прыгоды
Адзнака: 6 (з 10)

Ларга Ўінч – сірата, якога ўсынавіў міліярдэр. Пакуль тата катаецца на яхце – і гіне пры загадкавых абставінах, Ларга вандруе па Бразіліі, выратоўвае пекную дзяўчыну і б’ецца з паліцыяй. Але цяпер ён – нашчадак фінансавае імперыі – і шмат хто хацеў бы пазбавіцца ад яго.

Ларга прымае выклік.

Карціна Жэрома Саля – лёгкая француская стужка, непаліткарэктна-буржуйская, з офісным гламурам, мажардомам і міліярдамі, стэрыльна-ветлівымі забойствамі – і хіпушнай фрызурай, якая пасуе для высокіх прыёмаў.

Ніякага пралетарыяту, войнаў і сельскае гаспадаркі; ніякага выкрыцця “ўладарнай клясы” – і ніякіх жабракоў з трышчобаў.

Гэта прыгоды, якія не абцяжарваюць; адмысловыя эфекты, якія не лезуць у вочы (але цалкам на сваім месцы); меладрама (і эротыка) – без рэфлексіі.

Коміксавы Ларга Ўінч, які зьявіўся ў 70-ыя і толькі цяпер дажыў да экраннага ўцелаўлення – не той герой, які пакутуе на ўспаміны (нягледзячы на ліхаманкавыя флэшбэкі).

Станоўчыя моманты стужкі – гэта маскі, даведзеныя акторамі да карэктна-ўцямнага ўзроўню, зразумелага й немаўляці. Хударлявы, з няправільным тварам Ларга Ўінч (Томер Сіслэй)– авантурнік у вялікім офісе; уладалюбная і жорсткая Крысцін Скот Томас, якая сыграла карпарацыйную мегеру. Пачуццёвая Мелані Цьеры – з датклівымі губамі і радзімкай на попе. І, нарэшце, любімы актор Кустурыцы – Мікі Манойлавіч – балканскі міліярдэр з тайнамі і шматхадовымі камбінацыямі.

Калі вы сходзіце на карціну – не пашкадуеце. Калі прапусціце яе – ніхто вас за гэта не папракне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?