Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына не пабачыла пагроз у згадках Лукашэнкі пра расстрэлы ў Андыжане. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе на ліст мінчука, які прасіў не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку кандыдатам у прэзідэнты, перадае «Еўрарадыё».

Мінчук напісаў зварот з нагоды выступу Лукашэнкі 4 чэрвеня. Аўтар звароту лічыць, што кіраўнік дзяржавы «прама ці ўскосна казаў пра ўжыванне гвалту да іншадумцаў, прыводзячы прыклады Узбекістана і Таджыкістана з масавымі расстрэламі».

Падставай для гэтага ён назваў фразу: «Забылі, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек? Усе асуджалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, галасілі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець не хочам — некаторыя. Ну дык мы нагадаем».

Фразу «Краіну яны не атрымаюць» мінчук кваліфікаваў як пагрозу ўзурпіраваць уладу. «Ці мае права кандыдат у прэзідэнты такое заяўляць? Гэта вельмі небяспечныя заявы, пагрозы ўжывання сілы супраць беларускага народа ў выпадку, калі народ абярэ іншага кандыдата», — адзначыў аўтар звароту.

На яго думку, кіраўнік Беларусі выкарыстоўваў службовае становішча ў інтарэсах абрання, чым парушыў артыкул 73 Выбарчага кодэкса. Таму ён папрасіў не рэгістраваць Лукашэнку кандыдатам у прэзідэнты.

У сваім адказе Лідзія Ярмошына заявіла, што Лукашэнка як гарант Канстытуцыі «абавязаны прымаць усе меры, у тым ліку і сілавыя, для абароны дзяржаўнага ладу і правапарадку, пра што ён эмацыйна выказаўся».

А ўсе ацэнкі гэтага выступу яна назвала беспадстаўнымі: «Вашы здагадкі пра пагрозы суб’ектыўныя і не грунтуюцца на змесце дадзеных выступаў». 

Старшыня ЦВК падкрэсліла, што ў Выбарчым кодэксе ёсць дакладны пералік прыкмет злоўжыванняў службовым становішчам у мэтах вылучэння і абрання. Выказванні службовых асоб на працоўных сустрэчах не лічацца такім злоўжываннем, таму зварот з'яўляецца неабгрунтаваным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?