На мінулым тыдні ўніверсітэты пачалі адлічаць актыўных студэнтаў. У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, па інфармацыі навучэнцаў, пад раздачу трапіў 21 чалавек.
Адзін з іх — другакурснік педыятрычнага факультэта Ян Шляпо.
Фота з сацсетак
«Праблем з вучобай у мяне не было. Як і ва ўсіх, каго адлічылі, наколькі ведаю. Адлічылі з прычыны «сістэматычнага парушэння правілаў унутранага распарадку», — расказвае хлопец.
Па яго словах, ёсць надзея, што студэнтаў могуць узнавіць ва ўніверсітэце — калі яны выбачацца і перастануць удзельнічаць у пратэстных акцыях.
Адметна, што маці Яна — старшыня Вілейскіх раённых прафсаюзаў Вольга Шляпо. Перад выбарамі яна сустракалася з Наталляй Эйсмант падчас яе візіту ў рэгіён.
Фота з сацсетак
«Які цікавы час перажываем. Столькі адчуваю розных эмоцый ад таго, што адбываецца: абураюся, калі «апазіцыйныя» крытыкі агрэсіўна падкрэсліваюць недахопы нашага жыцця і старанна не заўважаюць яго добрых якасцяў, ствараюць хвалю абурэння ў душах людзей, каб на гэтай хвалі ўехаць ва ўладу і пасля «крыху пераразмеркаваць рэсурсы», — пісала Вольга пра выбары. — Сустрэча з Наталляй Эйсмант для мяне — падзея. Адчула яе харызму, сапраўдны прэс-сакратар — таленавітая, разумная, прыгожая, у кожным слове — сіла жыцця, упэўненасць».
Палітычныя погляды сына маці не падзяляе і цяпер.
«Настойвала на тым, што я сам вінаваты і мне трэба каяцца, але пры гэтым рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб мне дапамагчы, пісала хадайніцтва, — адзначае Ян. — Я спрабаваў пераканаць маму ў поглядах, але наўрад ці гэта ў каго атрымаецца. Самы папулярны яе аргумент — стабільнасць. Маўляў, няма вайны і жывецца няблага».
Ян акцыі пратэсту падтрымаў, бо надакучыла маўчаць.
«Кожны дзень я чытаю навіны аб затрыманнях, збіцці і катаваннях. Я бачу грэбаванне законам з боку ўладаў і наогул несправядлівасць. Таму я пайшоў баставаць», — дзеліцца хлопец.
Як стала вядома «Нашай Ніве», Яна ўсё ж аднавілі ва ўніверсітэце. У панядзелак яго выклікалі ў дэканат і зноў уручылі студэнцкі білет.