«Галоўная задача ўрада ў цэлым і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю заключаецца ў павышэнні прыбыткаў насельніцтва, а не ў адміністратыўным стрымліванні цэн», — з такой рыторыкай Калтовіч прыйшоў у міністэрскае крэсла пры канцы 2015-га. 

Выраўняць умовы канкурэнцыі між прыватным і дзяржаўным сектарам, зняць бар'еры, якія замінаюць бізнэсу развівацца, пагадзіцца з тым, што рынак — галоўны рэгулятар. Вось такія былі яго ўстаноўкі. 

За 6 год выгадаваў вакол сябе плеяду лібералаў

На пасаду міністра Уладзімір Калтовіч прыўшоў у 49 пасля таго, як ужо пабыў намеснікам міністра, потым намеснікам старшыні Мінгарвыканкама і нават саветнікам амбасады ў Расіі.

«Ён не баяўся адстойваць сваю пазіцыю, адкрыта і смела, а яна ў яго часта ішла насуперак генеральнай лініі. Але адстойваў ён яе толькі да моманту прыняцця рашэння. Як толькі прымалася рашэнне калегіяльнае, у Саўміне, ці рашэнне Лукашэнкі, Калтовіч-рыначнік пераўтвараўся ў Калтовіча-выканаўцу, які выконваў усё, нават відавочную бздуру», — гаворыць пра яго былы калега. 

А іншыя калегі сцвярджаюць, што Калтовіч — веха. 

«Пры Калтовічы вырасла і была ім выхаваная новая генерацыя маладых чыноўнікаў, якія адрозніваюцца ад класічнага ўзору беларускага чыноўніка пэўным інтэлектам, сучаснасцю, светлым прыкладам перад вачыма. Зрэшты, менавіта яны слухалі тое, што Калтовіч не мог сказаць адкрыта ў іншых кабінетах», — кажа нам адзін са служачых Саўміна. 

Меў чалавечае аблічча

Калтовіч быў пазнавальным міністрам, меў не толькі адміністратыўна-бяздушны, але чалавечы вобраз. Гэта прыклад высокага чыноўніка, які мог ісці на работу пешшу, не хаваць твар у краме. 

Фота: уласная старонка Уладзіміра Калтовіча ў Facebook

Фота: уласная старонка Уладзіміра Калтовіча ў Facebook

Міністр вёў старонку ў Facebook, дзе выкладаў фотаздымкі з маці і дзецьмі, фота з паходаў у горы і сваіх двух катоў. 

Каты Калтовіча. Фота: старонка былога міністра ў Facebook

Каты Калтовіча. Фота: старонка былога міністра ў Facebook

Так высветлілася, што міністр ездзіць на «Фольксваген Гольф», жыве ў панэльцы на Жукоўскага і не мае шклопакетаў на вокнах. 

А яго сэлфі ў вышыванцы абляцела ледзь не ўсе СМІ. 

Фота: «Радыё Свабода»

Фота: «Радыё Свабода»

Хіба што, многія задаваліся пытаннем, па якіх такіх матывах адукаваны, ліберальны і таленавіты чалавек пайшоў не ў прыватны бізнэс, а ў чыноўнікі. Больш за тое — застаўся там пасля жніўня 2020-га.

Не даваў «Еўраопту» стаць манапалістам, але не змог перамагчы «Белавія»

Першай перамогай Калтовіча на пасадзе міністра была перамога над МУС і Мінздароў’я ў адмене абмежаванняў на гандаль алкаголем. Вядома, спрэчна з маральнага боку, але варта апладысментаў з боку рытэйлу.

Гэтым ён спачатку падкупіў рынак, але потым і перастаў падабацца частцы гульцоў. 

Справа ў тым, што пры Калтовічы міністэрства гандлю атрымала і дадатковыя функцыі антыманапольнага рэгулявання. Так Калтовіч стаў першым міністрам, які змагаўся з манаполіямі.

Менавіта пры Калтовічы «Белтэлекам» і «Белпошта» перасталі быць натуральнымі манаполіямі і да іх таксама сталі прымяняць антыманапольнае заканадаўства. Аднак «дэманапалізаваць» «Белавія» ці Беларускую чыгунку МАРГ так і не змог. Хаця Калтовіч прапаноўваў гэта зрабіць. Таму лоўкосты ў Беларусь так і не прыйшлі. 

Але самы запамінальны кейс МАРГа — супрацьстаянне з «Еўраторгам». Кампанія спачатку ціснула на тое, каб у е-дастаўцы з'явіўся алкаголь і цыгарэты. Калтовіч выступіў катэгарычна супраць.

Потым «Еўраторг» настойваў, каб перагледзелі ўмовы прызнання кампаній манапалістамі. Бо яго дола рынку ўжо набліжалася да крытычнай, пасля якой «Еўраторг» маглі б прызнаць манапалістам. Пасля быў суд з «Еўраторгам», які МАРГ злавіў на нядобрасумленнай канкурэнцыі. Суд выйграла Міністэрства.

У выніку кампанія, што мае 900 магазінаў, адмовілася ад планаў па пашырэнні. 

«І так займаюць максімальна магчымую частку рынка», — казаў Калтовіч.

Праз гэта, імаверна, у «Еўраторга» не атрымаецца выйсці на брытанскае ІРО. Бо інвестара трэба пераканаць у магчымасцях росту, але ніхто не паверыць у магчымасць далейшага пашырэння «Еўраопта» праз строгую палітыку МАРГ.

Увесь час Калтовіч сутыкаўся з жорсткай апазіцыяй з боку буйнога рытэйла, які пісаў ва ўсе інстанцыі: «Дзяржава патрабуе ад нас занятасці і выплат сярэдняга заробку! А толькі вялікія сеткі могуць гэта даць! Нас абмяжоўваюць, мы не зможам выконваць абавязкі перад дзяржавай!». 

Што праўда, Калтовіч для бізнесу быў не толькі мячом, але і шчытом.

«Калі прыходзілі да яго са скаргамі, ён заўсёды ўзважваў і аргументы, і факты, і наступствы, перад тым як даць адказ. Калі аналіз паказваў, што трэба абараніць — абараняў, — адзначыў адзін з рытэйлераў. — Пры гэтым, ніхто не папракне яго, як некаторых іншых міністраў, што ён дзейнічаў у інтарэсах нейкіх груп. Ён быў роўнааддалены ад усіх асноўных цэнтраў сілы, можа, таму і выглядаў заўсёды белай варонай».

Фота: старонка Уладзіміра Калтовіча ў Facebook

Фота: старонка Уладзіміра Калтовіча ў Facebook

Між тым, як адзначаюць нашы суразмоўцы ў рытэйле, захоўвалася практыка выпадковых штрафаў выпадковым кампаніям, для свайго роду імітацыі барацьбы з манапалізмам. 

«На Калтовіча трымаюць вялікую крыўду рознага роду прадаўцы бытавой тэхнікі і сотавыя аператары. Другім ён не даваў падымаць цэны на паслугі, а першых пакрыўдзіў тым, што офлайнавы гандль ясна і зразумела адрэгуляваны, але інтэрнэт-гандль — не. За кошт чаго церпяць сумленныя прадаўцы», — лічаць нашы суразмоўцы.

Спрабаваў рыначныя механізмы ў «планавай» эканоміцы

Пры Калтовічы захоўваўся прымусовы курс на штучную канкурэнцыю, найбольш яскрава можна праілюстраваць гэта на прыкладзе імпарту алкаголю.

Як расказалі «Нашай Ніве» крыніцы ў рытэйле, у Беларусі вызначаецца шэраг кампаній, якія могуць увозіць алкаголь па квотах. Істотныя аб'ёмы квот часта даставаліся тым дзяржаўным арганізацыям, якія такіх аб'ёмаў ніколі не змогуць не тое што прадаць, бо няма дзе, але нават увезці — бо няма за што. 

«А чаму гэта рабілася? Каб рознага роду «бакалеі» потым прадавалі сваю квоту нармальным прыватным прадаўцам. Для падтрымкі штаноў, прасцей кажучы», — гаворыць наш суразмоўца.

З пазітыву: Калтовіч спрабаваў зняць абмежаванні на гандль сыравінай. Пілотны праект — гандль малаком на біржы. 

«З аднаго боку — добра, бо біржа. З іншага — выставіцца на яе можа толькі невялікая частка гаспадарак, у якіх няма даўгоў перад банкамі і абавязкаў перад мясцовым выканкамам. У выніку цэны заўсёды павышаныя, — кажа адзін з удзельнікаў таргоў. — Нельга быць трошку рыначнікам у планавай эканоміцы». 

Незалежна ад таго, што Калтовіч спрабаваў рабіць раней, больш за ўсё ён запомніцца дзеяннямі МАРГ за апошнія паўтара года: барацьбой з цэнамі адміністратыўнымі метадамі.

Пастанаўленні аб рэгуляванні цэн выдаваў як Савет міністраў, так і МАРГ. Гэта прывяло і прыводзіць да змяншэння асартыменту, а ў перспектыве гэта яшчэ прывядзе да дэфіцыту. Напрыклад, тлустага малака — вытворцы проста прадаюць яго ў Расію, бо так выгадней. 

 МАРГ адчытваецца, што за 2020-2021 гады ахапіў сваім кантролем пад палову рынка тавараў і паслуг. Але што ў выніку? Інфляцыя ўсё адно самая высокая ў рэгіёне. Праўда, працэнт ахопу стаў троху ніжэйшы, чым пры папярэдніках. 

Рытэйл ставіць у віну Калтовічу захаванне «асартыментнага пераліку», гэтага анахранізму часоў дэфіцыту ў СССР. Нягледзячы на насаджванне гэтага «асартыментнага пераліку», доля імпарту сярод спажывецкіх тавараў усё адно дасягнула гістарычных максімумаў.

Апошняе публічнае выступленне Уладзіміра Калтовіча ў ролі міністра было якраз пасля таго, як Савет Міністраў у адказ на санкцыі ўвёў «прадуктовае эмбарга». 

«Прычына прыняцця гэтай пастановы — санкцыйны ціск на Беларусь, які працягваецца, і, па сутнасці, гэта з'яўляецца вымушанай мерай. На жаль, нам даводзіцца рэагаваць і спрабаваць рэагаваць адэкватна. У сувязі з гэтым пасля прыняцця пятага пакета санкцый урадам было прынятае такое рашэнне», — казаў Калтовіч.

Ён сышоў з пасады праз два тыдні пасля гэтай заявы, 21 снежня бягучага года ў 55-гадовым узросце. Ці працягне Калтовіч дзяржслужбу ў іншым месцы, пакуль невядома.

Чытайце таксама:

Ад фізрука да кіраўніка. Пяць фактаў пра новага міністра гандлю і антыманапольнага рэгулявання

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?