ПЗРК «Гром». Фота commons.wikimedia.org.

ПЗРК «Гром». Фота commons.wikimedia.org.

Брытанскі прэм’ер-міністр Борыс Джонсан і кіраўнік польскага ўрада Матэвуш Маравецкі плануюць абвясціць падчас візіту ў Кіеў пра стварэнне новага формату супрацоўніцтва з Украінай. Пра гэта піша рэсурс «Украінская праўда» са спасылкай на ўласныя дыпламатычныя крыніцы.

Чакаюць, што Джонсан і Маравецкі прыедуць у Кіеў адначасова на гэтым тыдні. Магчыма, візіт пачнецца 1 лютага.

Пакуль няма інфармацыі пра тое, якім будзе фармат. Упершыню яго згадала кіраўніца брытанскага МЗС Ліз Трас падчас візіту ў Аўстралію 21 студзеня. Мяркуючы па яе словах, новы фармат быў абгавораны ў снежні мінулага года, калі ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі наведваў Лондан.

У панядзелак стала вядома, што праз крызіс вакол Украіны брытанскі прэм’ер адмяніў візіт у Японію, запланаваны на сярэдзіну лютага. Чакаюць, што ў бліжэйшыя дні Джонсан правядзе размову з Уладзімірам Пуціным. Акрамя таго, паведамляюць, што Джонсан плануе наведаць краіны Усходняй Еўропы, каб спрабаваць «пазбегнуць праліцця крыві».

Нядаўна было абвешчана, што Польшча паставіць Украіне беспілотнікі, ПЗРК і снарады для супрацьпаветранай абароны. Дакладны спіс узбраенняў, якія атрымае Кіеў, стане вядомы пасля візіту Маравецкага ва Украіну. Але, як кажа кіраўнік польскага ўрада, размова можа ісці пра пераносныя зенітна-ракетныя комплексы «Гром» і пра беспілотнікі для прымянення ў абарончых мэтах. Маравецкі таксама выказаў гатоўнасць дапамагчы Украіне прадметамі першай неабходнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0