У заяве Сінода УПЦ МП сцвярджаецца:
«Замест яднання народа ў імкненні да перамогі і аднаўленні мірнага жыцця ў краіне разгараецца ўнутраны, рэлігійны фронт. Так, групай народных дэпутатаў Украіны, праз надуманыя і загадзя ілжывыя абвінавачванні былі пададзеныя на разгляд у Вярхоўную Раду Украіны законапраекты аб забароне дзейнасці нашай Царквы.
З сумам канстатуем, што ўсе гэтыя факты з'яўляюцца наступствам памылковай рэлігійнай палітыкі часоў прэзідэнцтва Пятра Аляксеевіча Парашэнкі і разбуральнай ідэалогіі так званай Праваслаўнай Царквы Украіны. Упэўненыя, што менавіта такая дзейнасць папярэдняй улады і ПЦУ стала адной з падстаў для ваеннага ўварвання ва Украіну».
Акрамя таго, кіраўніцтва Царквы адзначыла, што ўсе прыходы моляцца за захаванне ўкраінскай дзяржаўнасці і наступленне міру, але ў выніку перамоваў, а не ўзброенага супрацьстаяння. Асобна яны падкрэслілі, што расійскае ўварванне ва Украіну з'яўляецца грахоўным.
У заяве Сінода гаворыцца, што забарона дзейнасці УПЦ МП будзе «нацыянальным самагубствам», бо, маўляў, мільёны ўкраінцаў, якія абараняюць Украіну, належаць менавіта да гэтай царквы.
У найбліжэйшы час кіраўнік УПЦ МП мітрапаліт Ануфрый плануе склікаць сходы з удзелам святароў, манахаў і манахіняў, а таксама свецкіх царкоўных дзеячаў, каб вырашыць будучыню Царквы ў такіх умовах. Сінод хоча пазбегнуць расколаў і парушэння царкоўных канонаў.
У канцы сакавіка ў Вярхоўную Раду Украіны ўнеслі законапраект аб забароне дзейнасці Маскоўскага патрыярхата на тэрыторыі Украіны. Законапраект прапануе забараніць «дзейнасць Маскоўскага патрыярхата — Рускай праваслаўнай царквы і рэлігійных арганізацый, якія з'яўляюцца часткай Рускай праваслаўнай царквы, у тым ліку Украінскай праваслаўнай царквы».
Чытайце таксама:
У Вярхоўную Раду Украіны ўнеслі законапраект аб забароне дзейнасці Маскоўскага патрыярхата на тэрыторыі Украіны
«Грэх Каіна». Як Масква страціла цяпер ужо і ўкраінскіх праваслаўных Маскоўскага патрыярхата





