Пасля пачатку ваенных дзеянняў у 2014 годзе Ірына разам з мужам пераехала ў Беларусь і ўладкавалася ў сельгаспрадпрыемства, у 2019 годзе стала яго дырэктаркай.

Па словах маці абвінавачанай, Алены, пры ўладкаванні ў «Дружбу» Ірына прыняла прадпрыемства з вялізнымі пазыкамі. Але пры новым кіраўніку саўгас не толькі выплаціў усе пазыкі, але і палепшыў якасць выпусканай прадукцыі. А на тэхніку ўсталявалі навігацыю, дзякуючы чаму вырасла прадукцыйнасць і зменшыліся аб'ёмы прыпісак.

«Саўгас выйшаў на другое месца. Яна ўзнагароджвалася, пачалі даваць новую тэхніку. Вобласць дапамагла паставіць новую добрую зернесушылку, — кажа Алена. — Але дачка была непажаданай: сама не крала і іншым не давала».

Ужо ў лістападзе 2020 года Ірына ўпершыню сутыкнулася з крымінальным пераследам — паводле абвінавачвання ў тым, што яна няправільна атрымлівала надбаўку да заробку. Распачынаць справу тады адмовіліся, але праз год пракурор раёна падаў грамадзянскі пазоў у дачыненні да дырэктара і галоўнага бухгалтара ААТ «Дружба» аб кампенсацыі шкоды.

15 лістапада 2021 года Ермакова павінна была пайсці на судовае пасяджэнне па грамадзянскім пазове, але перад гэтым яе папрасілі зайсці ў райаддзел міліцыі, адкуль яна ўжо не выйшла. Падставай сталі паказанні галоўнага бухгалтара аб тым, што нібыта Ірына давала ёй незаконныя загады.

Ірыну Ермакову затрымалі пасля таго, як 22 кастрычніка 2021 года Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з Саветам Міністраў заявіў пра факты злачыннай дзейнасці ў Гомельскай вобласці.

«Гэта ж катастрофа. Там ужо па начах рэжуць кароў і сплаўлялі ў Расію. І гэта ж не першы месяц. І цішыня. Трэба было ўмяшанне прэзідэнта, трэба было пасылаць туды Кубракова, каб ён кагосьці там прыдушыў. Ну дык чакайце, ён там ужо», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго, «мяса вывозяць у Расію (праз жулікаў, і службовыя асобы гэтым павязаныя) і там прадаюць».

31 кастрычніка сюжэт пра кароваў на Гомельшчыне выпусціў і дзяржаўны тэлеканал СТВ. У ім сярод іншага згадвалася і Ірына Ермакова, пад кіраўніцтвам якой саўгас замест таго, каб здаваць бычкоў на мясакамбінаты, прадаваў іх насельніцтву.

«Запыталі дакументы на першасную рэалізацыю жывёлы і ўбачылі, што больш за 460 галоў жывёлы ў гэтым годзе было рэалізавана насельніцтву. Не на мясакамбінаты, а менавіта насельніцтву», — абураўся начальнік упраўлення КДК Гомельскай вобласці Сяргей Глоба.

Паводле яго, гэта выклікае падазрэнні, таму што «грамадзяніну такую колькасць жывёлы ў гаспадарцы ні да чаго». Чыноўнік распавёў, што «гэтае быдла насельніцтва перадавала аднаму і таму ж чалавеку ў суседнім раёне, які фармаваў групы і рэалізоўваў гэтых жывёл у Расійскую Федэрацыю».

У выніку абвінавачваную прысудзілі да штрафу і чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле крымінальных артыкулаў за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, выкарыстанне загадзя падробленага дакумента, злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў.

Сваёй віны Ермакова не прызнала. Больш за тое, сваякі Ірыны заяўляюць пра сфабрыкаванасць справы і кажуць, што на самой справе дырэктарка перашкаджала скажаць статыстыку падзяжу жывёлы.

На волі ў Ірыны Ермаковай засталіся дзве непаўналетнія дачкі. Сваякі збіраюцца абскардзіць прысуд аж да Вярхоўнага суда.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру