Падчас сустрэчы. Фота: ethos.org.ua
Праваслаўная царква Украіны — гэта Царква, якая ў 2019 годзе атрымала томас на аўтакефалію ад канстанцінопальскага патрыярха, а Украінская праваслаўная царква — частка Рускай праваслаўнай царквы, якая пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны асудзіла пазіцыю патрыярха Кірыла, які выступіў за вайну, і абвясціла пра сваю поўную самастойнасць.
У Дэкларацыі ўзаемапаразумення, «прызнаючы агульнае імкненне ўкраінскага грамадства да адзінства праваслаўя» і «лічачы адзінства ўкраінскага праваслаўя абавязковай умовай адзінства народа і залогам стабільнасці дзяржавы», бакі зазначылі, што ў міжканфесійных адносінах у сучаснасці яны бачаць адзінства поглядаў:
- у асуджэнні вайны, якую развязала пуцінская Расія супраць суверэннага народа Украіны;
- у асуджэнні дэструктыўнай пазіцыі Маскоўскай патрыярхіі, якая, закінуўшы запаветы Божыя, ператварылася ў «прыслугу» пуцінскага рэжыму і дабраслаўляе расійскіх агрэсараў на кровапраліцце;
- у разуменні неабходнасці яднання для абароны Украіны;
- у разуменні неабходнасці адзінства ўкраінскага праваслаўя, якое стаяў перад знешнімі і ўнутранымі выклікамі цяперашняга дня;
- у разуменні неабходнасці адмовы ад агрэсіі, стэрэатыпаў, перадузятасці і мовы ультыматумаў ды варожасці ў зносінах адзін з адным і ў публічнай прасторы;
- у разуменні неабходнасці адмовы ад некананічнай практыкі перахрышчвання;
- у неабходнасці асветніцкай працы на месцах з мэтай пераадолення і недапушчэння ў будучыні міжцаркоўных і міжканфесійных канфліктаў;
- у неабходнасці сыходу ад вузкакарпаратыўных інтарэсаў у міжправаслаўным дыялогу;
- у разуменні існавання розных мадэляў суіснавання праваслаўных юрысдыкцый і г. д.
Зыходзячы з гэтага, бакі заявілі пра мэтазгоднасць і неабходнасць канструктыўнага дыялогу паміж дзвюма галінамі ўкраінскага праваслаўя і выказалі надзею, што такі дыялог, пачаўшыся па ініцыятыве святароў УПЦ і ПЦУ, стане пачаткам працэсу яднання, да якога будуць прымыкаць царкоўныя грамады, духавенства і «ўсе, каму не абыякавая будучыня духоўнасці народа Украіны».
Напрыканцы святары заклікалі сваіх іерархаў пачаць афіцыйны дыялог паміж Украінскай Праваслаўнай Царквой і Праваслаўнай Царквой Украіны ўжо да Дня хрышчэння Кіеўскай Русі-Украіны (28 ліпеня), які ў мінулым годзе быў вызначаны як Дзень украінскай дзяржаўнасці.
Дэкларацыя адкрытая да падпісання і абмеркавання духавенствам і вернікамі Украінскай Праваслаўнай Царквы і Праваслаўнай Царквы Украіны.





