Вайна з Расіяй была непазбежная

Арастовіч кажа, што, як вайсковец, разумеў, што вайна з Расіяй была непазбежная. Як толькі расіяне пачалі ў 2016 годзе стацыянарнае базаванне на паўночных межах, пачалі ствараць ударныя арміі, «усё было зразумела». Арастовіч распавядае, што пункты пастаяннай дыслакацыі расіяне паставілі за 40—60 км ад украінскай мяжы. А палігоны — за 12—15 км.

«Яны хацелі, каб мы прывыкалі да стрэльбаў і перакідкі войскаў у наш бок мяжы, зніжалі ступень гатоўнасці. Яны рыхтавалі нас да таго, каб стала нормай да 80 тысяч расійскіх войскаў ля нашых межаў».

Таксама, паводле інфармацыі Арастовіча, расіяне ў Беларусі сталі заставацца на пастаяннай аснове пад выглядам ратацый. «Таксама прывучэнне было».

Расіяне праводзілі маштабныя вучэнні з перакідваннем войскаў з Далёкага Усходу. «Саюз не часта праводзіў вучэнні такога маштабу».

Таксама Арастовіч прыводзіць як прыкмету мілітарызацыі Расіі адраджэнне інжынерна-пантонных часцей.

«Першае, што зрабіў Гарбачоў, калі пачалася разрадка, ён скараціў пантонныя брыгады — гэта было галоўнай прыкметай міралюбнасці Савецкага Саюза. Таму што вайна на еўрапейскім тэатры дзеянняў — гэта кожныя 20 км фарсіраванне воднай перашкоды».

Адраджэнне гэтых часцей пасля Мюнхенскай прамовы Пуціна было прыкметай наступальнай дактрыны Расіі. «І першае, куды ён іх кінуў, — украінскі і беларускі кірункі». Па суме гэтых прыкмет была відавочнай падрыхтоўка Расіі да вайны.

Паводле Арастовіча, дактрыну аб паглынанні Украіны Расія прыняла ў ліпені 2005 года. «Іх напалохаў Майдан».

Расія прыступіла да ўзмацнення свайго ўплыву ва Украіне, павелічэння залежнасці яе ад Расіі, укаранення агентуры. Былі задзейнічаныя ўсе сферы эканомікі, медыя, дыпламатыя, сілавікі. «Яны вельмі грунтоўна падрыхтаваліся».

Падчас другога Майдану пачынаецца ваенная агрэсія ў дачыненні да Украіны. Ва Украіне ж тады, кажа Арастовіч, міністр абароны — грамадзянін Расіі, кіраўнік СБУ — грамадзянін Расіі, кіраўнік МУС — грамадзянін Расіі.

«Гэта ўнікальная аперацыя. У гісторыі сусветнай я не магу згадаць, дзе б такая комплексная аперацыя была праведзеная».

Новае ўварванне

Арастовіч кажа, што канчаткова зразумеў, што ўварванне Расіі ва Украіну будзе, у канцы кастрычніка 2021 года.

Пры гэтым, па словах Арастовіча, дакладная дата пастаянна зрушвалася.

«Ужо быў вядомы першы тэрмін гатоўнасці — 26 снежня, на каталіцкае Раство. Але яны не паспелі з-за расійскага разгільдзяйства. Наступная дата гатоўнасці ў іх была 12 студзеня, на Стары Новы год. Не паспелі. Наступная дата была 16 лютага, яны цэлы месяц далі на падрыхтоўку. Але кітайцы забаранілі — 12 лютага Алімпіяда пачалася, сказалі не, не псуйце Алімпіяду. Потым — закрыццё Алімпіяды. 22-га павінны былі нападаць. Але 23 лютага ж, яны яго адсвяткавалі, і 24 з раніцы яны нападаюць», — распавёў Арастовіч.

Прэзідэнта Украіны часта абвінавачваюць у тым, што ён не надаваў значэння інфармацыі разведак пра тое, што вайна будзе, краіна не вяла неабходную падрыхтоўку да вайны.

Арастовіч кажа, што гэта не так. Паводле яго інфармацыі, розныя разведкі адназначна ацэньвалі, што будзе абвастрэнне. Але сцэнарыі гэтага былі рознымі. Адны казалі, што яно будзе на Данбасе і на Крымскім перашыйку. А хтосьці казаў пра сцэнарый поўнамаштабнага ўварвання.

«Найбольш поўны сцэнарый уварвання даў Буданаў, ваенная выведка Украіны. Ён даў поўны расклад з усімі сцэнарыямі, і даў больш, чым заходнія выведкі», — сказаў Аляксей Арастовіч.

Арастовіч называе абвінавачванні ў тым, што Украіна не рыхтавалася да вайны, несправядлівымі. Калі б не рыхтаваліся, не маглі б 6 месяцаў супрацьстаяць большаму па сілах саперніку.

«Мы ведалі, мы рыхтаваліся. Калі б мы не правялі гэтую падрыхтоўку, мы б шосты месяц не ваявалі паспяхова.

Негатовая дзяржава не можа змагацца шэсць месяцаў супраць падрыхтаванага праціўніка. Акрамя таго, у сярэдзіне снежня пачаліся вучэнні, якія на самай справе былі схаваным разгортваннем украінскіх узброеных сіл», — заявіў Арастовіч.

Паводле яго слоў, уся ўкраінская авіяцыя выйшла з-пад удару 24 лютага, уся ўкраінская СПА, акрамя Херсонскай вобласці; у першым жа паветраным баі за Кіеў збілі 7 самалётаў праціўніка за 11 хвілін.

«Усе хочуць, каб мы былі як Ізраіль, а я кажу, а ў нас эканоміка як у Ізраілі?» — дадаў ён.

Што адчуў у дзень пачатку вайны

Арастовіч кажа, што за сябе не хваляваўся «па адной простай прычыне: я не верыў, што я выжыву. Я калі бачыў паведамленні: 1200 адзінак тэхнікі, 800 адзінак тэхнікі, адначасовы пралёт 40 верталётаў, адначасовы пралёт 50 верталётаў, я бачыў, што дзеецца ў Гастомелі, я разумеў — нам канец на працягу 12 гадзін. Я калі падымаўся на трыбуну, я быў упэўнены, што мяне расстраляюць на працягу 12 гадзін».

Па словах Арастовіча, ён лічыў, што Заходнія вобласці выстаяць, траціну Украіны ўдасца захаваць. Кіеву ён даваў два тыдні вулічных баёў, а потым падзенне. «У тым, што нам у Офісе канец, я не сумняваўся ні секунды», — кажа ён.

Што было ў Офісе ў першы дзень

Панікі не было, кажа Арастовіч. «Прэзідэнт быў на казацкім драйве. Усе ўсміхаліся. Усе на здзіўленне мерна і спакойна працавалі». Ішла эвакуацыя сакрэтнай дакументацыі і сакрэтнага абсталявання. Зяленскі адпускаў супрацоўнікаў вывезці бацькоў з Кіева. Усе вярнуліся. «Выехаць з акружанага горада, а потым туды вярнуцца, патрэбная мужнасць».

Супрацоўнікі Офіса атрымалі зброю, бронекамізэлькі. Падрыхтаваліся да бою, «дыверсанты ўжо пайшлі па горадзе».

Спецыялісты, кажа Арастовіч, ацэньвалі па актыўнасці наяўнасць у Кіеве ад 300 да 1600 дыверсантаў. Да іх далучаліся «спячыя» мясцовыя ячэйкі.

Каля Офіса таксама была стральба. «Увечары блок-пасты вакол Офіса ўступілі ў бой з невядомымі. Мы пастаялі з аўтаматамі каля вокнаў разам з аховай. Нам нічога не прыйшлося рабіць, таму што там адбіліся. І ў гэты час Зяленскі кажа, я выйду на вуліцу, бо ўкінулі чарговы раз, што ён ці збег, ці забіты, што офіс абстралялі. Зрабілі гэтае фота знакамітае. Там яшчэ парахавы дым стаяў каля офіса. Ахова пабялела, пасівела».

Арастовіч кажа, што разам з камандай угаворваў Зяленскага эвакуявацца. Бо камусьці трэба было камандаваць абаронай Украіны. «А тут нам засталося камандаваць некалькі гадзін, нам канец. Мы наўпрост сказалі: нам канец», — распавядае Арастовіч.

Зяленскі адказаў: што б ні адбылося, мы застаёмся.

А на другія суткі ўжо партнёры прапаноўвалі эвакуяваць яго. «І ён сказаў знакамітую фразу: мне трэба не таксі, а зброя».

«Гэта тонкі момант. Ён зразумеў, што нельга гэтага рабіць, таму што збягае галоўная асоба — поўная дэмаралізацыя. Ён адчуў гэтую адказнасць і забараніў нават размаўляць на гэтыя тэмы», — кажа Арастовіч.

Калі скончыцца вайна

Паводле меркавання Арастовіча, вайна працягнецца «як мінімум да новага года». Але «гэта можа быць доўгая гісторыя, напрыклад, да наступнага лета, калі гаворка ідзе пра поўнае вызваленне ўкраінскай тэрыторыі», — кажа Арастовіч.

Ці гатовая Расія да перамоваў? Расійскія ўлады вельмі хочуць перамоваў, лічыць Арастовіч. На якіх умовах? Расія хоча нейтральны статус Украіны (неўступленне ў NATO), Крым, Данбас і зняцце санкцый. «Зніміце санкцыі, каб мы добра падрыхтаваліся і зноў напалі». Паводле Арастовіча, Зяленскі «ніколі на гэта пойдзе».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

28
Сава / Адказаць
11.08.2022
Два балабола друг другу интервью дают.
0
бт / Адказаць
12.08.2022
Сава, большага балабола чым твой калгасны кумір, яшчэ пашукаць трэба
5
Максим Дизайнер / Адказаць
12.08.2022
Какие красивые
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру