2 лістапада Глен Хэнлан падчас размовы з старшынём федэрацыі хакея Уладзімірам Навумавым агучыў рашэнне спыніць супрацоўніцтва з нацыянальнай зборнай Беларусі. Такі крок быў матываваны кепскім маральна‑псіхалагічным станам.

«Пасля доўгіх і грунтоўных роздумаў, я прыйшоў да высновы, што для каманды і яе вынікаў будзе лепш, калі я сыду. Хачу асобна аддзякаваць Уладзіміра Уладзіміравіча (Навумава — «НН») за магчымасць узначальваць беларускую зборную на працягу некалькіх гадоў. Я веру ў будучыню беларускага хакею і шчыра зычу поспеху вашай камандзе на Алімпіядзе і чэмпіянаце свету», — прыводзіць словы Хэнлана федэрацыя хакею.

У Беларусі экстравагантны канадзец з’явіўся зімой 2005 году,
калі зборная праваліла рыжскую кваліфікацыю да Алімпіяды‑2006. Стары галоўны трэнер Міхаіл Захараў быў звольнены з пасады, а ягонае месца вырашылі даверыць паўночнаамерыканцу.

На той момант Глен не з’яўляўся беспрацоўным. Ён узначальваў клуб Нацыянальнай хакейнай лігі (наймацнейшай у свеце) «Вашынгтон Кэпіталс». Але менавіта ў той сезон за акіянам гульцы абвясцілі лакаут, і Хэнлан вырашыў сябе пазабавіць працай са зборнай.

У Беларусі да канадца аднесліся з насцярожанасцю. Колькі крытыкі было на спецыяліста, калі ён адмаўляўся выклікаць у зборную найлепшага на той момант бамбардзіра нацыянальнага чэмпіянату Сяргея Шыткоўскага
, ці казаў са словаў трэціх асобаў пра кепскі характар Аляксея Калюжнага. Усе смяяліся з «тройкі зайцаў», што ўвёў Глен, — самых хуткіх гульцоў, якія былі здольныя задаць матчу патрэбны тэмп. Але Хэнлан змог пераканаць усіх песімістаў.

На першым сусветным першынстве беларусы пад кіраўніцтвам Хэнлана былі дзесятымі, а ўжо праз год у Рызе дасягнулі найбольшага поспеху ў сваёй гісторыі — шостае месца.

Той год Хэнлану перападала яшчэ больш, бо ён асноўную частку сезона кіраваў камандай з‑за акіяну. Тым не менш, гульцы адзначалі, што дзякуючы трэнеру ў калектыве ўтварылася выдатная прыязная атмасфера. Скажам, перад адказнымі гульнямі ён вадзіў хакеістаў у цырк ці на пейнтбол.

У 2006‑ым Хэнлана назвалі чалавекам году паводле версіі газеты «Прессбол».

Потым два гады камандай кіраваў амерыканец Курт Фрэйзер, а Хэнлан яму дапамагаў чым мог, але на чэмпіянаце свету ў Канадзе ў 2008 годзе, у некалькіх момантах Глен, пляваў субардынацыю, хапаўся за трэнерскі планшэт і пачынаў тлумачыць гульцам, што трэба рабіць.

Навумаву атрымалася ўгаварыць канадца ўзначаліць зборную зноў.

Сёлета ў Швейцарыі каманда пад кіраўніцтвам паўночнаамерыканца згуляла добра, атрымаўшы перамогі над моцнымі славакамі і фінамі, і толькі ў адну шайбу прайгралі будучым чэмпіёнам з Расіі. За Хэнланам устойліва прычапілася мянушка «шчаслівец».

Пасля гэтага канадзец прыняў рашэнне прыняць мінскае «Дынама», што змагаецца ў КХЛ. Але пасля шэрагу паразаў, 20 кастрычніка настаўніка адправілі ў адстаўку. Кажуць, што за ёй мог стаяць галоўны хакейны балельшчык краіны.

Ужо на гэтым тыдні ў Бабруйску і Жлобіне пройдзе традыцыйны Кубак Палесся, пакуль няясна, хто будзе кіраваць зборнай.

Тым не менш, можна меркаваць, што эпоха заакіянскіх спецыялістаў у Беларусі скончылася. Што ж, Хэнлан заслужыў добрую памяць па сабе. Бывай, Глен!

***

Глен Хэнлан нарадзіўся ў 1957 годзе ў Брэндане (Канада). Варатар. У НХЛ выступаў за «Ванкувер Кэнакс», «Сэнт‑Луіс Блюз», «Нью‑Йорк Рэйнджэрс», «Дэтройт Рэд Уінгс». Менавіта ў вароты, што ахоўваў Хэнлан, сваю першую шайбу ў НХЛ закінуў легендарны Уэйн Грэцкі. У 2003—2007 гадах занімаў пасаду галоўнага трэнера «Вашынгтон Кэпіталс». Зборную Беларусі ўзначальваў на чэмпіянатах свету 2005, 2006, 2009. Трэніраваў мінскае «Дынама».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?