Ілюстрацыйная выява. Фота: pixabay
У вядомых дацкіх карцінах, напісаных у папярэдніх стагоддзях, навукоўцы выявілі сляды піва на палотнах. Адпаведнае даследаванне было апублікавана 24 мая ў навуковым часопісе Science Advances.
Гэтую тэорыю аб выкарыстанні піва пацвердзілі даследчыкі з Нацыянальнай галерэі Даніі. Па словах аднаго з навукоўцаў, рэстаўратара Сесіла Крарупа Андэрсана, даследаванне пачалося з пошукаў жывёльнага клею (сумесі для растварэння фарбаў), але потым прывяло да нечаканых вынікаў.
Першая палова XIX стагоддзя называецца эпохай «Залатога стагоддзя» дацкага мастацтва. У тыя часы пісалі свае карціны такія выбітныя мастакі, як Крыстафер Вільгельм Экерсберг, Вільгельм Бендз, Крыстэн Кёбке і іншыя. Як высветлілася, майстры чэрпалі дадатковае натхненне пры дапамозе незвычайных рэчываў. Для падрыхтоўкі палотнаў яны выкарыстоўвалі адходы, якія заставаліся пасля варэння піва.
«Аказалася, што мастакі эпохі «Залатога стагоддзя» ў Даніі грунтавалі свае палотны літаральна півам. Карціны Экерсберга і Кёбке былі дасканала вывучаны з дапамогай сучасных метадаў і тэхналогій, пасля чаго было выяўлена, што на сямі палотнах ёсць збожжавыя і дражджавыя бялкі, у тым ліку ячмень, грэчка, пшаніца і жыта. Усе гэтыя бялкі ёсць кампанентамі для вытворчасці піва, і пры гэтым яны пастаянна дэградуюць, што ўказвае на ўжыванне датчанамі перапрацаваных пабочных адходаў піваварэння», — піша Сесіл Краруп Андэрсан і іншыя навукоўцы ў сваім даследаванні.
(Усе карціны, размешчаныя ніжэй, былі прааналізаваны ў даследаванні).
Крыстафер Вільгельм Экерсберг, «Рускі флот каля Эльсінара», 1826 год. Фота: Wikimedia Commons
Крыстафер Вільгельм Экерсберг, «Дацкі вайсковы карабель Dronning Marie з 84 гарматамі ў праліве», 1834 год. Фота: Wikimedia Commons
Крыстэн Кёбке, «Сусанна Сесілія Кёбке, жонка мастака», 1836 год. Фота: Wikimedia Commons
Крыстэн Кёбке, «Партрэт мастака-дэкаратара Г. К. Хілкера», 1837 год. Фота: Wikimedia Commons
Навукоўцы патлумачылі, што адходы піваварэння наносілі на палотны ў выглядзе пасты для стварэння гладкай паверхні і прадухілення прасочвання фарбы.
Аўтары даследавання ўпэўненыя, што гэтыя новыя веды дапамогуць зразумець, як даўжэй захаваць шэдэўры мастацтва.
Чытайце таксама:





