Russian drones Расійскія дроны Российские дроны

Людзі глядзяць на расійскія беспілотнікі, устаноўленыя як сімвал вайны ў цэнтры Кіева. 15 чэрвеня 2023 г. Фота: AP Photo/Efrem Lukatsky

Французскае выданне, спасылаючыся на справаздачу, якая была апублікаваная 19 мая Каралеўскім аб'яднаным інстытутам абаронных даследаванняў (RUSI), адзначае, што ўкраінцы на полі бою штодня губляюць каля 300 беспілотнікаў, ці больш за 10 тысяч у месяц.

Le Monde для параўнання прыводзіць звесткі аб тым, што французская армія сёння мае трохі больш за тры тысячы беспілотнікаў усіх мадэляў.

Выданне цытуе словы навуковага супрацоўніка Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах і спецыяліста па беспілотніках Ульрыке Франке (Ulrike Franke) аб тым, што

«ваенны канфлікт ва Украіне дэманструе выключны ўзровень выкарыстання беспілотнікаў, прычым самых розных мадэляў».

Гэтыя словы, як адзначае Le Monde, пацвярджае і контрнаступ, якія пачаўся 4 чэрвеня. Падчас яго абодва бакі выкарыстоўваюць незлічоную колькасць беспілотных лятальных апаратаў для правядзення разведвальных аперацый, падтрымкі наземных войскаў ці нанясення ўдараў па тэхніцы праціўніка.

Як адзначаюць даследчыкі RUSI, на дзесяцікіламетровай тэрыторыі звычайна бывае ад 25 да 50 беспілотнікаў паабапал лініі фронту.

Эксперты звяртаюць увагу на тое, што калі ў пачатку канфлікту найбольш выкарыстоўваліся такія буйнамаштабныя тактычныя беспілотнікі, як Bayraktar TB2, якія ўкраінскі бок накіроўваў для атак на расійскія бранятанкавыя калоны, то цяпер украінскае неба ў асноўным занята больш дробнымі беспілотнікамі, часцей за ўсе грамадзянскага прызначэння.

Найбольш даступныя ў вялікай колькасці — танныя (менш за 1000 еўра) кітайскія дроны DJI. Абодва бакі іх выкарыстоўваюць для назірання за полем бою, а таксама для накіравання сваіх войскаў ці карэкціроўкі артылерыйскага агню. Некаторыя з іх таксама выкарыстоўваюцца для перамяшчэння невялікіх снарадаў, якія затым скідваюцца ў траншэі ці на бранятэхніку.

Французская вайсковая крыніца распавяла Le Monde, што толькі на абслугоўванні беспілотнікаў ва ўкраінскай арміі задзейнічана пяць тысяч чалавек, а кожнае ўкраінскае падраздзяленне мае ад аднаго да трох разведвальных беспілотнікаў.

Такія беспілотнікі лётаюць на малой вышыні і таму вельмі ўразлівыя. Іх тэрмін службы складае ад чатырох да шасці палётаў.

Ульрыке Франке зазначае:

«Новым зʼяўляецца масавае прымяненне танных і нескладаных дронаў, якія выкарыстоўваюцца як расходны матэрыял. Такі падыход нелагічны для заходніх армій, таму што вы мусіце мірыцца з вялікімі стратамі».

Эксперты падкрэсліваюць немалую ролю менш распаўсюджаных беспілотнікаў-камікадзэ, якія таксама называюць боепрыпасамі, што ціха крадуцца ці кіруюцца дыстанцыйна. Яны запускаюцца над лініяй фронту без загадзя зададзенай цэлі і нясуць з сабою баявы зарад. Толькі ў палёце такі беспілотнік знаходзіць цэль у залежнасці ад сваіх магчымасцяў.

Такія дроны, па словах аднаго з французскіх афіцэраў, якіх апытвалі журналісты Le Monde, нясуць пастаянную пагрозу, асабліва для бранятэхнікі. Гэта псіхалагічна складана для салдат.

Але заходнія вайскоўцы адзначаюць малую аўтаномнасць такіх дронаў-камікадзэ. Так, у расійскіх «Ланцэтаў» вельмі мала штучнага інтэлекту на борце. Ён амаль цалкам кіруецца аператарам.

Вайсковая крыніца выдання адзначыла, што найбольш напружаным у вайне быў май бягучага года. У гэтым месяцы расійскі бок, па звестках Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, выкарыстаў каля 300 дронаў-камікадзэ Shahed. Яны маюць GPS-навядзенне і могуць пераносіць каля 30 кілаграмаў выбухоўкі. Дроны выкарыстоўваліся для знішчэння ўкраінскай інфраструктуры і запалохвання грамадзянскага насельніцтва.

Выданне адзначае, што ўкраінская армія, якая мае сродкі супрацьпаветранай абароны савецкай вытворчасці, а таксама заходнія, у тым ліку амерыканскія батарэі Patriot і нямецкія IRIS-T, тым не менш перахапіла большую іх частку.

У інтэрвʼю выданню французскі афіцэр адзначыў:

«Украінцы гавораць, што яны ліквідавалі каля 800 з 900 запушчаных супраць іх беспілотнікаў Shahed з пачатку вайны. Узровень перахопу складае каля 80%. Калі гэта так, то гэта параўнальна з вынікамі працы ізраільскага «Жалезнага купала».

Эксперты звяртаюць увагу на тое, што за час вайны абодва бакі значна ўзмацнілі свае сродкі абароны ад беспілотных лятальных апаратаў. Большасць украінскіх падраздзяленняў цяпер мае сродкі падаўлення сігналу (SkyWiper, KVS Antidron G-6 і інш.) — свайго роду электрамагнітныя вінтоўкі, якія нейтралізуюць сістэмы сувязі і навігацыі пры навядзенні на беспілотнік. Расійскі бок таксама выкарыстоўвае падобную зброю пад назваю «Ступар». Аднак, адзначаюць эксперты, далёкасць яе дзеяння абмежаваная некалькімі кіламетрамі.

Але ў расійскага боку ёсць і больш магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі. Гэта сістэмы «Красуха-4» і «Шиповник-АЭРО». Гэтыя сістэмы могуць ахапіць тэрыторыі плошчаю некалькі дзясяткаў кіламетраў.

Як адзначыў Le Monde навуковы супрацоўнік Фонду стратэгічных даследаванняў (FRS) і спецыяліст па беспілотніках Од Томас (Aude Thomas):

«Сёння буйная сістэма радыёэлектроннай барацьбы размяшчаецца праз кожныя дзесяць кіламетраў ад лініі фронту. Але яны маюць адзін істотны недахоп — збіваюць тэхніку без разбору. Гэта стварае праблемы для расійскіх войскаў».

Надаючы важнасць ролі беспілотнікаў у сваіх аперацыях, абодва бакі з мэтай забеспячэння сваіх войскаў у доўгатэрміновай перспектыве гэтым відам узбраення шукаюць шляхі наладжвання іх уласнай вытворчасці.

Па словах Ода Томаса,

«у 2014 годзе імпульс зыходзіў ад грамадзянскай супольнасці, маладых інжынераў і студэнтаў, якія распрацавалі беспілотнікі, каб зрабіць свой унёсак у абарону. Сёння кампаніі падтрымлівае Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны, якое арганізоўвае конкурсы для выяўлення новых распрацоўшчыкаў і сістэм. А ўрад аслабіў абмежаванні на імпарт некаторых матэрыялаў, каб стымуляваць развіццё сектара і стварыць «армію дронаў».

У выніку назіраецца трохразовы рост за некалькі гадоў колькасці ўкраінскіх вытворцаў беспілотных лятальных апаратаў (з 30 да 90).

У той жа час, адзначае выданне, расійскі бок знаходзіцца ў больш складаным становішчы праз абмежаванне паставак электронных кампанентаў, але гэта не перашкаджае Расіі будаваць у асобай эканамічнай зоне «Алабуга» (900 кіламетраў на ўсход ад Масквы) завод па вытворчасці такіх беспілотнікаў-камікадзэ іранскай распрацоўкі, як Shahed 136.

Le Monde прыводзіць словы афіцыйнага прадстаўніка Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джона Кірбі аб тым, што завод можа быць цалкам гатовы да работы ў пачатку наступнага года.

Чытайце яшчэ:

Расійскі салдат здаўся ў палон дрону пасля таго, як двое яго параненых паплечнікаў скончылі жыццё самагубствам

На Захадзе пацвярджаюць поспехі контрнаступлення Украіны і прагназуюць далейшы прагрэс

Эксперт: Украінскія беспілотнікі хутка могуць стаць бескарыснымі, а вось расіяне нарошчваюць сваю перавагу

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
13
Сумна
1
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?