Святлана Паходава, былая начальніца гомельскай жаночай калоніі. Фота: Tut.by, калаж: «Наша Ніва»

Святлана Паходава, былая начальніца гомельскай жаночай калоніі. Фота: Tut.by, калаж: «Наша Ніва»

У новым санкцыйным спісе ЕС можна пабачыць збоі.

Па-першае, гэта сэнсавыя і граматычныя памылкі. Наваполацкая суддзя Балаболава стала Балабавай, прозвішчы некаторых напісаныя з памылкамі ў адной ці некалькіх транслітарацыях. У адных указаны асабісты нумар пашпарта, у другіх — не. Таксама цяперашняга начальніка 1-й папраўчай калоніі ў Наваполацку Руслана Машадзіева ў тэксце матывіроўкі звязваюць са смерцю Вітольда Ашурка, хоць яны не бачыліся, бо Вітольда змясцілі ў 17-ю калонію ў Шклове.

Інфармацыя пра Руслана Машадзіева. Тут робіцца акцэнт на тым, што ў калоніі №1 памёр Вітольд Ашурак, але ён памёр у іншай калоніі. Скрыншот з сайта eur-lex.europa.eu

Інфармацыя пра Руслана Машадзіева. Тут робіцца акцэнт на тым, што ў калоніі №1 памёр Вітольд Ашурак, але ён памёр у іншай калоніі. Скрыншот з сайта eur-lex.europa.eu

Па-другое, некаторыя людзі выглядаюць уключанымі адвольна. Так, у спіс трапіла былая начальніца гомельскай жаночай калоніі Святлана Паходава. Згадваецца, што яна ўзначальвала калонію, калі туды прывезлі Марыю Калеснікаву, а таксама здзекавалася з палітвязняў. Але ёсць нюанс.

Фота: eur-lex.europa.eu

Фота: eur-lex.europa.eu

Паходава ўзначальвала гомельскую жаночую калонію з 2004 па 2015 год. Пасля гэтага яна пайшла на пенсію, і 30 лістапада 2015-га, калі верыць выпіскам з дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб, пасаду заняў іншы чалавек (ён таксама стаў дырэктарам юрасобы, у якую ўваходзіць гомельская калонія). 

«Калі мы з Наталляй Хершэ «заехалі» ў гомельскую калонію, 3 сакавіка 2021-га года, начальнікам ужо быў Таўсцянкоў. Перад ім быў іншы начальнік, які цяпер узначальвае гомельскае ўпраўленне ДВП», — згадвае былая палітзняволеная Вольга Класкоўская.

Пра Паходаву водгукі розныя.

«Дальнабоі», зняволеныя з вялікімі тэрмінамі, якія сядзелі пры Паходавай, адгукаліся пра яе даволі добра. Казалі нават, што Паходава, калі адыходзіла на пенсію, усынавіла дзіця з «Дома маці і дзіцяці», ад якога адмовілася зняволеная», — дзеліцца Класкоўская.

Іншая былая палітзняволеная расказала, што пра Паходаву гаварылі як пра строгую кіраўніцу:

«Дагэтуль у калоніі кажуць «ісці за лазню». Гэта азначае, што там з табой «разбіраліся» — проста збівалі. Адна са зняволеных распавядала, што жанчыну, якая з ёй сядзела і пісала шмат скаргаў, часта «вадзілі за лазню» з падачы адміністрацыі».

Але падчас знаходжання Паходавай на пасадзе, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у гомельскай жаночай калоніі не было палітвязняў. З Калеснікавай яны таксама амаль напэўна не перасякаліся. 

Хто складаў спісы 

Пра гэта мы запыталіся ў Паўла Латушкі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якое ў тым ліку займаецца пытаннямі санкцый і падае санкцыйныя спісы.

Павел Латушка

Павел Латушка

«НАУ складае і накіроўвае свае прапановы па ўключэнні тых ці іншых асоб у санкцыйныя спісы ЕС у міністэрствы замежных спраў краін-членаў і ўпаўнаважаныя органы ЕС (Еўракамісію, Еўрапейскую службу замежных сувязяў).

Самі санкцыйныя спісы фіналізуюць упаўнаважаныя службовыя асобы органаў ЕС. Канчатковыя санкцыйныя спісы не ўзгадняюцца ні з кім, акрамя МЗС краін-чальцоў праз сваіх прадстаўнікоў у Бруселі. Праца па падрыхтоўцы санкцыйных спісаў праходзіць у закрытым рэжыме, таму ўплываць на вынік мы не можам, як і не здольныя праверыць спісы, каб вычытаць прозвішчы і памылкі.

У розныя часы ў МЗС краін-удзельніц, Еўракамісію і Еўрапейскую службу замежных сувязяў намі былі складзеныя і накіраваныя спісы чыноўнікаў вайскова-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі, суддзяў, прапагандыстаў, членаў Нацыянальнага сходу, спартыўных функцыянераў і іншых асоб (усяго 340 персаналій). Асобныя з іх патрапілі ў адпаведны чарговы санкцыйны пакет ЕС. Прапановы па прыведзеных у вашых пытаннях асобах (гэта асобы, пералічаныя ў артыкуле. — «НН») мы не накіроўвалі ў структуры ЕС.

Святлану Паходаву мог падаць любы адказны за гэта еўрапейскі чыноўнік», — сказаў Павел Латушка.

Мы даслалі звароты ў адказныя за санкцыйныя спісы еўрапейскія структуры і апублікуем адказы адразу, як іх атрымаем.

Чытайце таксама:

Сталі вядомыя тры юрыдычныя асобы з Беларусі і 38 фізічных асоб, якія патрапілі пад новыя санкцыі Еўрасаюза

«Ты што, лесбіянка?» Былыя палітзняволеныя расказалі пра дзівацтвы памочніка начальніка жаночай калоніі

«Поўная цішыня прымушае не проста хвалявацца, а біць трывогу». 155 дзён нічога не вядома пра Марыю Калеснікаву

«У яе быў штучны клапан сэрца». Падрабязнасці здарэння ў гомельскай калоніі, дзе памерла асуджаная

Клас
11
Панылы сорам
22
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
5