Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Танней, чым у Германіі

Усяго на сайце kufar.by больш за сотню аб'яў ад кампаніі, якая прапануе аўтамабілі з Еўропы на любы густ і кашалёк. Яны гатовыя прывезці на замову як даволі ўзроставыя аўтамабілі коштам ад 5—6 тысяч даляраў, так і больш сучасныя і дарагія па цэнах каля $20 000.

Незалежна ад цаны і года выпуску, у апісанні да ўсіх машын пазначана, што аўтамабіль мае заводскую афарбоўку, знаходзіцца ў бездакорным стане і мае поўную гісторыю ад першага гаспадара.

Таксама ў апісанні падкрэсліваюць, што пазначаная ў аб'яве цана канчатковая з улікам дастаўкі і размытнёўкі ў Беларусі. Афармленне куплі адбываецца праз дамову лізінгу на 48 месяцаў.

Скрыншот з сайта kufar.by

Скрыншот з сайта kufar.by

Усе гэтыя аб'явы аб'ядноўвае адно — аўтамабілі на замову абыходзяцца мінімум на 20—30% танней, чым аналагі, якія прадаюцца непасрэдна ў Беларусі.

Так, напрыклад, Audi A4 з прабегам 130 тысяч кіламетраў, якую выдаюць за 2020 год выпуску, прапануюць набыць пад замову ўсяго за $19 850. Пры гэтым аналагічныя аўтамабілі ў Беларусі прадаюць па цэнах ад 26 тысяч даляраў.

Скрыншот з сайта kufar.by

Скрыншот з сайта kufar.by

Дзялкі тлумачаць, што выгада дасягаецца менавіта праз тое, што машына купляецца ў лізінг. Калі купляць машыну не праз лізінг, то выйдзе значна даражэй.

Скрыншот перапіскі з прадаўцом

Скрыншот перапіскі з прадаўцом

Скрыншот перапіскі з прадаўцом

Скрыншот перапіскі з прадаўцом

За сам аўтамабіль трэба будзе заплаціць праз банк замежнаму прадаўцу. Пасля аплаціць перавозчыку дастаўку, а таксама размытнёўку — ужо пасля дастаўкі аўто ў Беларусь, тлумачыць прадавец. Таксама трэба пералічыць 800 рублёў на разліковы рахунак беларускай фірмы. Гэта нібыта ўзнагарода кампаніі за тое, што займаецца падборам, суправаджэннем здзелкі, робіць запыт дылеру, праводзіць разлікі і бярэ на сябе абавязацельствы па ўхваленні лізінгу.

Прапанаваная фірмай схема выглядае нелагічна, бо набыццё аўтамабіля праз лізінг, наадварот, мусіць зрабіць канчатковую цану больш высокай. Але законы логікі і эканомікі ў гэтым выпадку не працуюць, бо да справы падключаецца «амартызацыя лізінгу» — ёй тлумачыць з'яўленне эканоміі прадавец.

Знайшлі гэтую машыну ў Германіі

Частку з аўто, размешчаных на беларускім сайце, можна адшукаць на нямецкім партале mobile.de, што дае магчымасць параўнаць цэны.

Тую ж Audi A4, апісаную вышэй, там прадаюць амаль за 24 тысячы еўра брута. Цана нета складае 20 143 еўра (каля $22 000). То-бок нават без падатку на дадатковую вартасць гэтая машына ў Нямеччыне каштуе на дзве тысячы даляраў даражэй, чым яе прапануюць у Беларусі. 

Скрыншот з сайта mobile.de

Скрыншот з сайта mobile.de

Калі дадаць да цаны нета нават ільготную размытнёўку памерам 2700 еўра, 1300 еўра за дастаўку і яшчэ каля 350 еўра на ўтылізацыйны збор і іншыя абавязковыя выдаткі, то выйдзе, што гэтая Audi будзе вам каштаваць прыблізна 27 тысяч даляраў. 

Каб разабрацца, як у Беларусь удаецца прыганяць яе танней, мы патэлефанавалі прадаўцам гэтай Audi непасрэдна ў Германію.

Пацікавіліся, ці ёсць у іх нейкі партнёр у Беларусі, які прадае іх аўто, на што там адказалі, што ніякіх партнёраў у нашай краіне няма. Кансультант адзначыў, што машына знаходзіцца на пляцоўцы ў Нямеччыне і што ён не мае ніякага дачынення да тых, хто можа выкарыстоўваць ягоныя здымкі і выстаўляць на продаж аўто па няіснай цане.

Можа, ёсць партнёры ў Нідэрландах?

Audi, апісаная вышэй, не адзіны аўтамабіль, які можна адшукаць у продажы як на беларускім, так і на нямецкім сайтах. Так, Volvo XC60 2019 года ў Беларусі пад замову прадаюць за $19 950. 

Як і ва ўсіх іншых аб'явах, пазначана, што напісаная цана канчатковая з улікам усіх выдаткаў на дастаўку і размытнёўку.

Але мы знайшлі гэты ж самы аўтамабіль у Нідэрландах. Там яго прадаюць за 19 884 еўра брута, ці 16 433 еўра нета. Дарэчы, па фота на «Куфры» відаць, што здымкі падрэзаныя, але дзяржнумар і іншыя моманты не даюць падстаў для сумневу, што гэта той самы аўтамабіль.

У выніку з улікам мытных плацяжоў, дастаўкі і іншых выдаткаў да цаны аўто ў Галандыі трэба дадаць яшчэ амаль пяць тысяч даляраў. Таму, як і ў выпадку з Audi, гэтая Volvo мусіць абысціся нашмат даражэй, чым у Беларусі. І гэта нават пры ўмове, што размытнёўка яе будзе зроблена з выкарыстаннем ільготы. 

Мы таксама патэлефанавалі ў Нідэрланды. Такі аўтамабіль сапраўды існуе, але ні пра якіх партнёраў у Беларусі прадавец Volvo не ведае. 

Схема не новая?

Усе вышэй пералічаныя довады сведчаць пра тое, што прапанаваная сталічнай фірмай схема куплі аўто з Еўропы выглядае падазрона. Тым больш што ў беларускіх медыя і раней з'яўлялася інфармацыя пра падобныя выпадкі, калі нейкія фірмы прапаноўвалі аўто на замову па нерэальна нізкіх цэнах.

Пра іх партал «Аўтабізнэс» пісаў яшчэ ў канцы 2019 года. У першай палове 2020 года таксама ў СМІ трапляла інфармацыя пра людзей, якія «набывалі» аўтамабілі на замову па нерэальна нізкіх цэнах. Тады дзякуючы намаганням журналістаў была заведзена крымінальная справа на сумнеўных прадаўцоў, пацярпелымі па якой лічыліся дзясяткі чалавек, якія заплацілі грошы за аўто, але так яго і не атрымалі. Тым не менш па гэтай схеме працягвалі працаваць і ў 2021 годзе. Ва ўсіх выпадках махляры абгрунтоўвалі нізкія цэны купляй аўто праз лізінг або нейкія адмысловыя партнёрскія праграмы.

Летась пра падобных дзялкоў пісала і «Наша Ніва», калі праз рэкламу ў Instagram людзям таксама прапаноўвалі аўто з Еўропы па салодкіх цэнах, якія дасягаліся дзякуючы той самай «амартызацыі лізінгу».

Чытайце таксама:

Машына як віно. Чаму ў Беларусі растуць цэны на аўтамабілі родам з нулявых

Грузія забараняе, а Літва ўзмацняе кантроль. Набыць машыну са Штатаў стане яшчэ складаней

За месяц продаж новых аўтамабіляў у Беларусі паменшаў на 20%

Клас
26
Панылы сорам
18
Ха-ха
24
Ого
8
Сумна
8
Абуральна
43

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?