Ілюстрацыйнае фота: сацыяльныя сеткі

Ілюстрацыйнае фота: сацыяльныя сеткі

«Самі выкарыстоўваюць ютуб для распаўсюду прапаганды»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман мяркуе, што кароткатэрміновым адключэннем ютуба рэжым тэставаў рэакцыю жыхароў Беларусі, а тыя такім абмежаваннем былі заспетыя знянацку.

На яго погляд, іх стаўленне да адключэння рэсурсу ў Беларусі можа ў далейшым улічвацца рэжымам Пуціна, які сам падумвае пра такія ж захады.

На думку эксперта, лукашэнкаўцы ў адключэнні рэсурсу выкарысталі расійска-кітайскія распрацоўкі.

Ён нагадвае, што ў Кітаі гэты рэсурс даўно цэнзуруецца, а ў Расіі іхнія ўласныя праекты кшталту рутуба прайграюць канкурэнцыю з заходняй інтэрнэт-пляцоўкай. Яе ж поўнае адключэнне выкліча незадаволенасць. Тое ж тычыцца і Беларусі.

Аляксандр Фрыдман адзначае, што беларусы выкарыстоўваюць ютуб найперш як рэсурс з забаўляльным, адукацыйным кантэнтам.

Але палітычны сегмент прысутнічае таксама.

«Лукашэнкаўцы разумеюць, што традыцыйнымі сродкамі прапаганды, такімі, як тэлебачанне ці газеты, цяжка выйграваць канкурэнцыю з ютубам. Таму самі выкарыстоўваць яго для распаўсюду прапаганды», — адзначае ён.

Паводле яго слоў, пераднавагодні час для адключэння рэсурсу быў абраны невыпадкова.

Ідэолагі праглядалі анонсы віншавання Святланы Ціханоўскай і бачылі, што яе выступ значна лепшы, чым прамова Лукашэнкі.

Каманда дэмакратычнай лідаркі зрабіла яе віншаванне «сучасным, чалавечым, крэатыўным».

«У сваёй прамове Лукашэнка выглядаў кепска. Ён быў стомленым і неўпэўненым. Пры гэтым ён уваходзіць у 2024 год са сваімі ўласнымі юбілеямі: 30 гадоў ва ўладзе, 70 гадоў яму самому. Ведаючы, як Лукашэнка ўмее прамаўляць, гэтым разам ён на сябе не быў падобны», — падкрэслівае Аляксандр Фрыдман.

На ягоную думку, адключэннем лукашэнкаўцы дамагліся таго, што не ўсе ў Беларусі маглі справіцца з яго наступствамі, а гэта паўплывала на колькасць праглядаў выступу Ціханоўскай.

Эксперт дапускае, што адключэнне ютуба стала і помстай улады за атаку кіберпартызанаў на БелТА.

«Трэба пачакаць і даведацца, што кіберпартызанам удалося захапіць, — падсумоўвае ён. — Але ў БелТА былі праблемы відавочныя. Для іх гэта параза даволі сур'ёзная».

«Былі пазбаўленыя магчымасці глядзець выступ Аляксандра Лукашэнкі»

Старшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі нагадвае, што ў Беларусі ёсць свой досвед блакавання вэбсайтаў перад запланаванымі выступленнямі праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі.

Самы характэрны прыклад быў у 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў.

«Цяпер было шмат паведамленняў пра блакіроўку ў Беларусі ютуба, якое супала са зваротам Святланы Ціханоўскай (пры гэтым блакіроўка не была татальнай, у некаторых правайдараў відэахосцінг быў даступны)», — заўважае ён. — Мне гэта нагадала ранейшую практыку Казахстана, дзе апазіцыйны дзеяч Мухтар Аблязаў з замежжа рэгулярна звяртаўся да суайчыннікаў праз сацыяльныя сеткі і тыя рабіліся «цяжка дасяжнымі» менавіта на час звароту і без праблем працавалі праз VPN».

Эксперт адзначае, што ютуб можа быць часова адключаны, калі гэта палічаць мэтазгодным сілавыя структуры, але малаверагодна, што гэта будзе рабіцца на вельмі працяглы час.

«Вось цяпер былі сігналы, што нельга было нават глядзець беларускае дзяржаўнае тэлебачанне праз сэрвіс Zala «Белтэлекома», — звяртае ўвагу Паўлюк Быкоўскі, — таму людзі былі пазбаўленыя магчымасці глядзець і выступ Аляксандра Лукашэнкі. Так што ад загадаў сілавікоў пацярпела і прапагандысцкая машына таксама«.

«Будуць адсейваць тое, што кляймуюць, як экстрэмізм»

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі сумняецца, каб цяперашняя беларуская ўлада наважылася цалкам блакаваць ютуб. У Кітаі ён даўно заблакаваны, але пры вялікім жаданні знаходзяцца спосабы доступу да яго, кажа ён.

Блакаванне ютуба перад выступам Ціханоўскай было зроблена наўмысна, каб яе «слова не данеслася да беларусаў».

Такі захад аказаўся дзейсным, бо аўдыторыя значна скарацілася. Зварот можна было паглядзець праз VPN, але не кожны карыстальнік інтэрнэту тэхнічна падкаваны.

Калі яны пачалі блакаванне, то гэты досвед будуць практыкаваць надалей.

«Наперадзе важныя палітычныя кампаніі для ўлады, хоць і няма сапраўдных выбараў, але яны ўсё адно пераймаюцца. Сілавікі напружваюцца», — кажа эксперт.

Аляксандр Класкоўскі не адмысловец у пытаннях, як тэхнічна можна блакаваць ютуб, але, на яго думку, такія тэхналогіі ўжо пратэставаныя. 

Ён нагадвае, што Лукашэнка ў 2022 годзе на нарадзе ў пытаннях дзейнасці СМІ казаў, што можа пайсці шляхам Кітая.

Праз некалькі месяцаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант выступіў з пагрозамі на адрас ютуба за тое, што блакуе каналы прапагандыстаў, але потым агаварыўся, што трэба прысутнічаць на гэтай пляцоўцы.

Аляксандр Класкоўскі заўважае, што ютуб папулярная пляцоўка не толькі для «пятай калоны», але для вялікага масіву нейтральнай, апалітычнай публікі, якая ідзе туды па забаўляльны кантэнт.

«Каб не раздражняць залішне насельніцтва, свой электарат, пакуль што цалкам блакаваць ютуб не наважваюцца», — адзначае эксперт.

Паводле яго, Ютуб важная пляцоўка і для самой прапаганды.

Калі незалежныя медыі апынуліся ў дыскрымінацыйным становішчы, бо іх блакуюць, за прагляд кантэнту можна трапіць за краты, у прапаганды зʼявіўся дадатковы абсяг для дзейнасці ў Ютубе. Некаторыя дзяржаўныя СМІ маюць там даволі салідныя прагляды.

Аляксандр Класкоўскі заўважае, што ў Беларусі са значна меншымі рэсурсамі, чым у Расіі, якая займаецца стварэннем альтэрнатывы ютубу, прыдумаць яму аналаг цяжка, і гэта таксама стрымлівае ўлады ад блакавання рэсурсу цалкам.

«Але яны могуць пераняць у Расіі досвед мадэравання, ці цэнзуравання ютуба, — адзначае ён. — Таму варыянт можа быць больш мяккі. Будуць фільтраваць змесціва канала і адсейваць тое, што ўлады кляймуюць як «экстрэмізм».

Эксперт адзначае, што да 2020 года былі ілюзіі ў дэмакратычных сіл і журналістаў, што інтэрнэт нікуды не загоніш, але грубыя, брутальныя метады ўлады па забароне непажаданага кантэнту дзейнічаюць.

Аўдыторыя незалежных СМІ скарачаецца, а прапаганда ў пэўнай ступені пашырае свае пазіцыі.

«Магчыма, гэта часовая зʼява, але гэты інструмент працуе, — падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі, — Рэжым ідзе ў бок таталітарызацыі і наверсе думаюць не пра тое, як адкруціць гайкі ў сегменце сацыяльных сетак, а як іх наадварот закруціць мацней».

Глядзіце таксама:

Ціханоўская vs Лукашэнка. Параўналі водгукі на навагодні выступ палітыкаў

Кіраўнік АНТ Маркаў: Мне б хацелася, каб мы пайшлі далей, каб у атачэнні «Вагнера» і 3214 пілі спакойна каву на Елісейскіх палях

Пяць фактаў пра новага старшыню Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта

Як пасля выбараў змянілася рэдакцыйная палітыка дзяржаўных СМІ і кім замянілі звольненых журналістаў

Клас
19
Панылы сорам
13
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
59

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?