Пад канец дня 30 чэрвеня, за некалькі гадзін да ўвядзення новых, значна большых, пошлін на ўвоз аўтамабіляў, у пунктах пропуску на мяжы Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза зніклі чэргі.

Паводле даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, чэргаў легкавых аўтамабіляў на ўезд у краіну няма ні на латвійскім, ні на літоўскім, ні на польскім напрамку. Скарачэнне ліку аўтатранспартных сродкаў, якія заязджаюць, адзначалася раніцай 30 чэрвеня. Але яшчэ днём, напрыклад, у «Брэст-Цярэспалі» («Варшаўскі мост») назіралася чарга прыкладна з 200 аўтамабіляў.

«Усё, што магло дабрацца да мяжы, тое дабралася, — пракаментаваў сітуацыю прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка. — Некаторыя машыны зламаліся і не змаглі даехаць. Ёсць кантэйнеры, якія не змаглі выцягнуць з Клайпедскага порта (маюцца на ўвазе кантэйнеры з машынамі, набытымі ў ЗША). Калі хтосьці разлічваў, што на мяжы будзе паніка, то яе не адбылося. Падрыхтоўка, якая была праведзена, мела свой вынік».

Паводле слоў прэс-сакратара пагранведамства, каб максімальна захаваць інтарэсы людзей, Дзяржпагранкамітэт і Дзяржаўны мытны камітэт пайшлі на беспрэцэдэнтныя меры. У два-тры разы «ў параўнанні з тэхнічнымі магчымасцямі» была павялічана прапускная здольнасць пунктаў пропуску. Былі абсталяваныя дадатковыя пункты афармлення транспарту — на вынасных сталах пад навесамі. «Панікі не было. Памежнікі і мытнікі выканалі свае абавязкі па максімуме», — сказаў Аляксандр Цішчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?