Брэсцкая журналістка, сябра БАЖ Жанна Сідарук аддала прэмію "За актыўную журналісцкую пазіцыю», якую атрымала ад старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара, актывісту дэмсілаў Івану Стасюку.

Маладога чалавека затрымалі 14 чэрвеня, напярэдадні акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», і асудзілі на 10 сутак арышту за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

У дзень суда 15 чэрвеня Івана Стасюка даставілі ў РАУС за тое, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся. Напярэдадні ў кватэры бацькоў Івана быў праведзены ператрус. Падставай паслужыла справа аб падпале Дома правасуддзя ў Мінску. У выніку ў хлопца забралі камп'ютар. Некалькімі днямі раней маладога чалавека дапытвалі ў КДБ на прадмет яго дзейнасці ў сацыяльных сетках.

- Аднойчы ў таленавітага калумніста Аляксея Цвяткова прачытала, што чалавек не можа быць свабодным, калі не свабодны яго блізкі, таму што гэта не свабода, а прывілей, - кажа Жанна Сідарук. - Я гэтую пазіцыю падзяляю. Таму і вырашыла аддаць сям'і Стасюкоў прэмію, якой мяне 12 мая ўзнагародзіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар з фармулёўкай "За актыўную журналісцкую пазіцыю». Заўважу, што грошы атрымала толькі ў другой палове чэрвеня. Дзе яны гулялі ў перыяд актыўнай дэвальвацыі - загадка.

Хай мама Вані купіць яму вітамінаў альбо аплаціць паслугі адваката, або збор за ўтрыманне сына ў ІЧУ.

Яго ж там нават пакарміць не знайшлі час пасля затрымання. 44 гадзіны без сухарыка або бутэрбродзіка - я б наўрад ці вытрымала без скандалу і непрытомнасцяў.

З Іванам Стасюком журналістка Жанна не знаёмая асабіста, але вельмі хоча гэта выправіць.

- Бо мне здаецца, што такія людзі, як Ваня, - апошнія з плеяды рамантыкаў, людзі знікаючага віду «Данка», - дзеліцца Жанна Сідарук. - Я размаўляла з яго мамай. Я б марыла, каб мая мама так адчайна і ўпарта падтрымлівала мяне ў маіх пошуках праўды і справядлівасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?