Міністэрства фінансаў Беларусі чакае аднаўлення крэдытнага супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам і лічыць магчымым прыцягненне з фонду новых крэдытных рэсурсаў.
Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміў міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец.

Паводле словаў міністра, праграма рэфармавання беларускай эканомікі, выкананне якой неабходнае для працягу крэдытнага супрацоўніцтва з МВФ, па большасці пазіцый супадае з праграмай рэфармавання, якую Беларусь узгадніла з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС. «Мы ўжо праводзім структурныя рэформы эканомікі, не чакаючы праграмы з МВФ, — падкрэсліў кіраўнік Мінфіна. — Сёння ламаць яе няма ніякага сэнсу, бо мы пабудавалі свае планы ў рамках таго, пра што дамовіліся з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС».

Андрэй Харкавец адзначыў, што МВФ чакае больш глыбокіх дзеянняў урада па карэктаванні макраэканамічнай палітыкі. Аднак гэтыя дзеянні могуць прывесці да сацыяльных выдаткаў і эканамічных страт. «Пытанне ў тым, што мы мякчэй праводзім гэтую палітыку, натуральна, даўжэй ў часе, але з меншымі сацыяльнымі выдаткамі, — сказаў міністр. — І тут гаворка павінная ісці пра кампраміс — іх пазіцыі і нашай пазіцыі. У нас ёсць падставы гаварыць пра тое, каб фонд прымаў пад увагу не толькі чыста фіскальныя, макраэканамічныя мэты, але і сацыяльную практыку ў краіне».

На думку кіраўніка Мінфіна, тыя меры, якія ўжо прымаюцца ў Беларусі па рэфармаванні эканомікі, можна назваць даволі жорсткімі. Да прыкладу, праграма рэформаў прадугледжвае рашэнне Нацбанка па абмежаванні эмісійнага крэдытавання эканомікі. «З 1 чэрвеня Нацбанк наогул спыніў у краіне такое крэдытаванне і ўсе пытанні, звязаныя з падтрымкай дзяржаўных праграм, узяў на сябе ўрад, — нагадаў ён. — Мы фінансуем гэтыя праграмы за кошт тых рэшткаў сродкаў, якія бюджэт назапасіў за мінулыя гады. І, безумоўна, мы скароцім аб’ём такога крэдытавання ў параўнанні з мінулым годам».

Яшчэ адно патрабаванне міжнародных экспертаў — каб бюджэт быў з мінімальным дэфіцытам. «Пакуль мы выконваем яго з прафіцытам, — канстатаваў Андрэй Харкавец. — Калі за пяць месяцаў гэтага года рэспубліканскі бюджэт быў з прафіцытам каля Br500 млрд, то за шэсць месяцаў мы дабіліся ўжо амаль Br1 трлн». Паводле словаў міністра, у Беларусі стрымліваюцца выдаткі, назапашваюцца рэсурсы для таго, каб у другім паўгоддзі накіраваць іх на сацыяльную абарону грамадзян, на пакрыццё аплаты камунальных паслуг. «На іх паўплывае змяненне курсу нацыянальнай валюты, бо гэта ўсё пакупная энергія — газ, нафта, — сказаў суразмоўца.- У гэтым плане бюджэт структурна мяняецца».

Адказваючы на пытанне пра памеры крэдыт, пра які Беларусь плануе весці перамовы з МВФ, Андрэй Харкавец адзначыў, што гэты аб’ём будзе вызначацца зыходзячы з патрэбнасці фінансавання дэфіцыту рахунку бягучых аперацый. А ён у сваю чаргу вызначыцца з улікам таго, якімі тэмпамі будзе развівацца эканоміка ў другім паўгоддзі, наколькі скароціцца імпарт і вырасце экспарт.

Міністр дадаў, што ў цэлым пазітыўна ацэньвае перспектывы крэдытнага супрацоўніцтва з МВФ. «Гэта нармальна, калі мы выконваем у сябе тыя дзеянні, якія прапісвае МВФ. Чаму б не задацца пытаннем пра тое, каб МВФ паўдзельнічаў у падтрымцы беларускай эканомікі?» — рэзюмаваў Харкавец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?