Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі накіраваў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, Апостальскаму адміністратару Пінскай епархіі архіепіскапу Тадэвушу Кандрусевічу пісьмо са спачуваннямі ў сувязі са смерцю кардынала Казіміра Свёнтака.

«З болем у сэрцы мы ўспрынялі сумную вестку аб блажэннай смерці кардынала Казіміра Свёнтака — спавядальніка і стараннага пастыра, які з’яўляўся прыкладам мужнага стаяння за веру і выканання боскага закліку быць верным Хрысту нават да смерці», — адзначае мітрапаліт Філарэт.

Іерарх падкрэсліў, што ні дзесяцігоддзе лагераў, куды Свёнтак трапіў у часы ганенняў, ні іншыя няшчасці і беды не змаглі зламаць яго волю і жаданне «несці вестку свету аб Выратаванні і сведчыць сучаснікам аб Божай Міласэрнасці». Першаіерарх БПЦ адзначыў, успамінаючы нябожчыка:

«Гаварыў ён ад усяго сэрца, ад асабіста ім перажытага і выпакутаванага».

Кардынал Свёнтак, на думку мітрапаліта Філарэта, унёс вялікі ўклад у развіццё добрасуседскіх адносін паміж Беларускай праваслаўнай царквой і Рымска-каталіцкай царквой у Беларусі.

«Ад імя ўсіх праваслаўных хрысціян Беларусі выказваем свае спачуванні беларускім католікам. Молім Усяміласцівага Госпада нашага Ісуса Хрыста аб спачыне душы кардынала Казіміра Свёнтака і аб суцяшэнні яго духоўных дзяцей», — таксама заявіў у пісьме Патрыяршы Экзарх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?