Тысячы людзей бягуць з Бангкока, вуліцы і трасы горада забітыя аўтамабілямі ахвотнікаў пакінуць горад, баючыся паводкі, якая можа значна пагоршыцца праз прылівы,
паведамляе агенцтва Reuters.

Улады сталіцы Тайланда выказалі заклапочанасць тым, што асноўная рака Бангкока Чаа Прая выйшла з берагоў у мінулыя выходныя падчас вельмі моцнага прыліву. Першыя паверхі будынкаў у горадзе ўмацавалі мяшкамі з пяском.

Прэм’ер-міністр краіны Інглак Чынават сказала, што разглядае магчымасць выкапаць каналы ва ўсходняй частцы Бангкока для зліву вады ў заліў Тайланда. Гэтую ідэю падтрымаў старшыня Toyota Motor Corp, чые заводы моцна затопленыя.

«Мы павінныя ў дэталях разгледзець, як гэта будзе працаваць», — сказала Чынават журналістам.

У пятніцу раніцай на вуліцы перад Вялікім палацам, дзе звычайна вельмі шмат турыстаў, была злоўленая двухметровая змяя. Жыхары таксама асцерагаюцца кракадзілаў
, якія ўцяклі з затопленай фермы.

У чацвер Чынават заявіла, што шлюзы і дамбы ў Бангкоку не ў стане вытрымаць напору вады, і жыхары ўсіх раёнаў сталіцы павінныя рыхтавацца да паводкі.

Губернатар Бангкока Сухумбханд Парыбат указаў у спецыяльным камюніке, што ўзровень вады ў рацэ Чаа Прая за суткі зноў пабіў рэкорд, усталяваны ў аўторак раніцай. Ён дасягнуў 2,4 метра над узроўнем мора.

Паводле прагнозаў гарадскога кіраўніка, да выходных узровень вады ў рацэ падымецца да 2,6 метра, што на дзесяць сантыметраў больш за вышыню гідратэхнічных загародаў. Як толькі вада пачне цячы над бетоннымі ўмацаваннямі, яна разбурыць іх, папярэдзіў мэр.

Дырэктар цэнтра катастроф Сэры Супарадыт паведаміў, што

пры горшым з магчымых сцэнараў развіцця падзей Бангкок будзе затоплены цалкам.
Дзясятая частка горада — раёны ўздоўж ракі і каналаў — могуць сысці пад ваду на два метры. Яшчэ чвэрць горада сыдзе пад ваду на адзін метр, яшчэ чвэрць — усяго на паўметра. Астатні Бангкок будзе затоплены прыкладна на дзесяць сантыметраў.

Колькасць ахвяраў катастрафічнай паводкі ў Тайландзе дасягнула 377 чалавек. Яшчэ на мінулым тыдні ўлады Бангкока заклікалі да экстранай эвакуацыі праз наймацнейшую за 50 гадоў паводку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?