Аднойчы ў Аляксандры пачаў балець жывот. У той час яна карміла дзіця грудзьмі, таму занепакоілася і звярнулася да доктара. Аказалася, баліць печань. Так выпадкова выявіўся страшны дыягназ: гепатыт С трэцяга генатыпу.

Як такое адбылося? Што цяпер рабіць? Ці ёсць выйсце? Навіна шакавала Аляксандру. Але адказ на галоўнае пытанне «Дзе?» як маланкай ударыў адразу: радзільня.

Месца здарэння

Аляксандра нараджала сваё другое дзіця ў радзільным аддзяленні 3-й гарадской клінічнай бальніцы.

— Роды праходзілі ў святочны дзень, — кажа Аляксандра. — Паколькі яны ў мяне былі другія, дактары і медперсанал належнай увагі мне не надавалі, хутчэй хацелі пазбавіцца, бо ў перадродавай палаце я была апошняя.

Роды прайшлі паспяхова, без ускладненняў, усё як трэба. Але адразу пасля іх з Аляксандрай правялі маніпуляцыю, якую ў народзе называюць «вакуум». Гэта насцярожыла жанчыну.

На ўстрывожанае пытанне пра мэты працэдуры доктар адказала, што гэта для таго, каб парадзіху выпісалі з радзільні на трэція суткі.
Аднак Аляксандра, спасылаючыся на сваю медкарту, сцвярджае, што асаблівых медыцынскіх паказанняў для гэтага не было.

Потым жанчыну змясцілі ў абсервацыйнае аддзяленне, дзе знаходзяцца парадзіхі з рознымі інфекцыйнымі захворваннямі.

Насцярожыўшыся яшчэ больш, Аляксандра звярнулася да дзяжурнага доктара з пытаннем, чаму яна знаходзіцца менавіта тут. Тая кінула між іншым: «Напэўна, у вас нейкія інфекцыі». Калі пацыентка сказала пра адсутнасць запісаў аб такіх хваробах ў яе медкарце, то пачула ў адказ: «Значыць, няма месцаў у іншых палатах».

Толькі потым, праз год, Аляксандра даведалася, што радзільнае аддзялення 3-й гарадской клінічнай бальніцы спецыялізуецца на інфекцыйных захворваннях.
Што ў акушэрска-абсервацыйнае аддзяленне медустановы трапляюць жанчыны, хворыя на туберкулёз, гепатыты, з ВІЧ-інфекцыяй і сіфілісам. У гэтае ж аддзяленне трапляюць і жанчыны з бранхітам, грыпам і з падазрэннем на дызентэрыю.

Як паведаміла ў інтэрв’ю газеце «Беларусь сёння» намеснік галоўнага доктара па родадапамозе Наталля Адзінцова, штогод тут нараджае каля 30 ВІЧ-інфікаваных жанчын, 250 — з гепатытамі, 50–60 — з туберкулёзам.

Праўда, у тым жа інтэрв’ю гаворыцца, што «дарогі «звычайных» і «не вельмі звычайных» пацыентак ніколі не перасякаюцца, так што рызыкі падхапіць чужую заразу ў парадзіх няма.

Аляксандра лічыць, што яна — прыкладам якраз адваротнага.

— Я ўпэўненая, што дактары не выканалі элементарных санітарна-гігіенічных нормаў падчас правядзення вакуум-аспірацыі і накладанні пасляродавых швоў, — заяўляе яна.

Яна падала заяву ў РУУС Ленінскага раёна горада Мінска аб выяўленні вінаватых і прыцягненні іх да крымінальнай адказнасці. Два месяцы вялася праверка. Была арганізаваная экспертная камісія.

Аднак спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, якія ўвайшлі ў яе склад, прыйшлі да высновы, што факт інфікавання ў радзільні даказаць нельга, і заражэнне адбылося дзесьці ў іншым месцы.

Аляксандра лічыць гэты варыянт немагчымым. Да родаў, падчас назірання ў жаночай кансультацыі, яна здавала ўсе аналізы, якія пацвердзілі, што яна абсалютна здаровая. Пасля родаў ніякім хірургічным умяшанням жанчына не падвяргалася, яна не наведвала стаматолага, не рабіла ні манікюр ў салоне, ні татуіроўкі. І ўжо тым больш не калола сабе наркотыкі. Усё гэта прычыны, якімі тлумачаць магчымасць заражэння чальцы камісіі.

Не ўбачылі яны праблемы і ў тым, што здаровая жанчына была змешчаная ў абсервацыйнае аддзяленне, ды яшчэ і без усялякага папярэджання.

— Дадзены від захворвання не адносіцца да сацыяльна небяспечных, — заяўляюць спецыялісты. — Мы не маем права агароджваць грамадства ад такіх хворых — гэта ўціскае іх правы. Гепатыт С бытавым шляхам не перадаецца. Рызыка заражэння мінімальная.

У завядзенні крымінальнай справы Аляксандры адмовілі. Але яна гатовая і далей адстойваць свае правы. Толькі пасля таго, як пройдзе цяжкае доўгатэрміновае лячэнне. Цяпер сіл і часу на хаджэнне па інстанцыях у хворай жанчыны проста няма.

На шчасце, у Аляксандры ёсць шанец паправіцца, таму што яна заражаная гепатытам С трэцяга генатыпу, які паддаецца лячэнню. У выпадку, калі на гэта знойдзецца дастаткова грошай.

У 2009 годзе хранічны вірусны гепатыт С быў выключаны са спісу захворванняў, пры якіх належаць бясплатныя лекі.

Адна ампула прэпарата, які выкарыстоўваецца для лячэння хваробы, каштуе каля двух з паловай мільёнаў беларускіх рублёў.
Поўны курс лячэння для Аляксандры складаецца з 24 уколаў. А гэта як найменш 60 млн беларускіх рублёў. Акрамя ўколаў трэба прымаць яшчэ таблеткі і раз на тры месяцы рабіць аналіз на наяўнасць віруса ў крыві. Аналіз у платным цэнтры каштуе 182 тысячы рублёў. А рабіць яго трэба не толькі хвораму, але і яго блізкім, каб быць упэўненым у іх бяспецы.

Паводле справаздачы Міністэрства аховы здароўя за 2011 год да Міжнароднага дня барацьбы з гепатытам, 4% жыхароў Беларусі — носьбіты вірусаў гепатыту В і С. Каля 10 тысяч стаяць на дыспансерным уліку з хранічным гепатытам С. Штогод у Беларусі выяўляецца больш за 2,5 тыс. ізноў выяўленых выпадкаў гэтага захворвання.

Рызыкуюць усе

Цяпер Аляксандра як носьбіт страшнага захворвання заўважае выпадкі халатнасці і безадказных паводзін паўсюль і заклікае ўсіх астатніх да асцярожнасці.

— Напрыклад, я прыходжу да стаматолага, а тая, не пытаючыся нічога, адразу ж (без пальчатак!) лезе ў рот і пачынае праводзіць маніпуляцыі, — кажа яна. — Я абсякаю яе: «У мяне гепатыт С, асцярожней. Калі не клапоціцеся пра пацыентаў, падумайце хаця б пра сябе». Тое ж самае адбываецца і ў платнай клініцы, калі я раблю прышчэпкі і аналізы.

Каментар па справе

Доктар-тэрапеўт Святлана Ранько:

— Вірусны гепатыт — інфекцыйнае захворванне, выкліканае групай вірусаў, якія размнажаюцца ў клетках печані.

На сённяшні дзень вядомая вялікая колькасць вірусаў, здольных выклікаць вірусны гепатыт. Асноўныя з іх — вірус гепатыту, А, вірус гепатыту B, вірус гепатыту С, вірус гепатыту D. Кожнае захворванне мае свае асаблівасці.

Гепатыт С — у асноўным бессімптомнае захворванне, якое можа быць дыягнаставанае выпадкова, падчас абследавання з нагоды іншых захворванняў.

Часцей за ўсё першы час захворванне выяўляецца ў слабасці, стоме, расстройстве стрававання, могуць балець суставы. Але гэтыя сімптомы характэрныя пры шматлікіх інфекцыях, у тым ліку і на ВРВІ і грып.

Інкубацыйны перыяд складае ад 20 да 140 дзён.

Западозрыць захворванне можна пры даследаванні біяхімічнага аналізу крыві, дзе адзначаецца высокая актыўнасць ферментаў, якія выпрацоўвае печань. А затым пад назіраннем доктара-гепатолага або інфекцыяніста трэба прайсці шэраг спецыяльных абследаванняў.

Пры гепатыце С паказанае спецыфічнае лячэнне. Выбар схемы і працягласці лячэння залежыць ад працякання і стадыі захворвання. Адзінага стацыянарнага варыянту тэрапіі не існуе.

Лячэнне камбінацыяй інтэрферону і рыбавірыну можа доўжыцца да 12 месяцаў. Пры правільна спланаваным лячэнні папраўляюцца каля 70% хворых. Іншае пытанне ў тым, што прэпараты каштуюць вельмі дорага.

Дзейнай вакцыны ад гепатыту С няма, але пошукі яе вядуцца.

Як можна заразіцца гепатытам С 

• унутрывеннае ўвядзенне наркатычных сродкаў;

• нанясенне татуіроўкі, шрамаванння, пірсінгу, праколванне вушэй;

• выкарыстанне колюча-рэжучыя прыладаў асабістай гігіены (манікюрныя інструменты, брытвы) сумесна з хворым чалавекам;

• пры множных і бязладных палавых кантактах. Палавы шлях перадачы не лічаць асноўным, ён складае менш за 5% ад агульнага ліку заражаных гепатытам С. Бо нават у сям’і, дзе адзін з сужэнцаў з’яўляецца носьбітам віруса, другі застаецца здаровым доўгія гады сумеснага жыцця;

• ад інфікаванай маці плоду (рэдка, не больш чым у 5% выпадкаў). Інфікаванне магчымае падчас родаў пры праходжанні дзіцяці па родавых шляхах. А таксама пры грудным гадаванні, калі парушаная цэласнасць скуры малочных залоз.

Гепатыт С не перадаецца пры размове, чханні, са слінай і інш., пры поціску рукі, абдымках, карыстанні супольным посудам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?