З 15 лютага доўжыўся працэс Кастуся Лукашова. Яго вінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі 29 сакавіка, калі ён вывез са шпіталя свайго брата Вячаслава, якога хацелі забраць міліцыянты.

Кастусь Лукашоў у турэмнай клетцы. Ён кашляе, вочы блішчаць ад нядосыпу й прастуды. Але гаворыць ён гучней за пракурора й судзьдзю.

Лукашоў цалкам адмаўляе абвінавачаньне, што штурхаў міліцыянтаў і наехаў на аднаго зь іх машынаю. Кажа, міліцэйскіх пасьведчаньняў ня бачыў.

Маці

Маці Кастуся плача і просіць прабачэньня ў сына. Яна просіць дараваць, што выклікала яго па дапамогу — і цяпер сына судзяць.

Суд пад старшынствам судзьдзі Красоўскай прысудзіў Кастуся Лукашова да двух гадоў умоўна з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады. Апроч таго, з Лукашова быў спагнаны 1 мільён рублёў на карысьць пацярпелага. Пракурор патрабаваў пакараньня два гады ўмоўна з адтэрміноўкай на тры гады і спагнаньня двух мільёнаў.

Па вызваленьні з‑пад варты Кастусь Лукашоў падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў. Ён сказаў, што працэс быў помстай ягонай сям’і й спробай спыніць яе актыўнасьць. Але вольную думку ўвязьніць немагчыма, — заявіў спадар Лукашоў.

Галіна Сіўчык шкадуе, што падумала: «Каб ты зваліўся!» на невядомага ў спартовым (у судзе — пацярпелага міліцыянта Сушчэню)... А ён і зваліўся, калі даганяў машыну.

Пацярпелы

Спартовыя каротка стрыжаныя хлопцы ў аднолькавай цёмнай вопратцы. Гэта пацярпелы з калегамі.

Старшы лейтэнант Сушчэня распавядае, што з калегаю прыехаў у больніцу забраць Вячаслава Сіўчыка. Што выклікаў для гэтага дапамогу, бо быў вялізны натоўп. Але АМОН, на жаль, пад’ехаў да іншага ўваходу.

Нягледзячы на гэта, Сушчэня паказаў пасьведчаньне і паспрабаваў загад выканаць. Але Лукашоў штурхаў яго ад машыны, перашкаджаў і зьбіў машынаю, зламіўшы пры гэтым мабільны тэлефон міліцыянта.

Пацярпелы незадаволены, як сьведкі распавядаюць, што Сушчэня, даганяючы машыну, зваліўся ў бруд. Гэтага не было! Сушчэня — спартовец, і за машынаю бег.

Старшы лейтэнант Сушчэня нядаўна атрымаў чарговую зорачку. Кар’еру ён распачынаў у СІЗА №1.

Менавіта туды ўвязьнілі Кастуся Лукашова, і ён зьдзіўляўся, чаму канваіры заўсьміхаліся, пачуўшы прозьвішча пацярпелага.

Пацярпелага пытаюцца, як, ён лічыць, трэба пакараць абвінавачанага. «З улікам асобы абвінавачанага...» Сушчэня абсякаецца — і іншым голасам дадае, што патрабуе максымальнага пакараньня, бо ў яго асобе нанесеная абраза ўсёй міліцыі і ўладзе, бо ён — твар улады.

Сьведкі

Алесь Міхалевіч і Вячаслаў Сіўчык безь перашкодаў выступаюць па‑беларуску, а Сіўчык падрабязна распавядае пра сваё затрыманьне…

Сьведкі распавядаюць, што ня бачылі дакумэнтаў (толькі міліцыянт сказаў пра пасьведчаньні, а сьведка Паўлюк Быкоўскі ўзгадаў нейкія бэджыкі) — але для абвінавачаньня гэта дастатковыя доказы, што былі прад’яўленыя міліцэйскія дакумэнты.

Абурэньне пракурора выклікае, што галоўныя сьведкі з боку абвінавачаньня — працоўныя‑будаўнікі, — раптам паказваюць, што ня бачылі ці ня памятаюць, каб падсудны кагосьці штурхаў. Але на гэты выпадак ёсьць матэрыялы сьледзтва, дзе запісаны супрацьлеглыя паказаньні.

Аніхто зь сьведкаў ня бачыў сутыкненьня (затое многія распавядаюць, што перасьледнік зваліўся). Абвінавачаньне на гэта: сьведкі блытаюцца, а паказаньням Сушчэні можна давяраць.

У судовым калідоры шмат людзей. Зінаіда Бандарэнка і Радзім Гарэцкі, акадэмік Вайтовіч, Мілінкевіч з Інай Кулей — і Ірына Казуліна, Тацяна Клімава і Лябедзька, Барыс Гарэцкі і Зьміцер Хведарук, кінарэжысэр Хашчавацкі. Падтрымаць Кастуся прыехалі аднаклясьнікі і нават суседзі зь лецішча.

Клясная настаўніца прыехала распавесьці суду, які Кастусь у дзяцінстве быў «адказны й добрасардэчны», гэта захавалася й дасёньня — і працытавала Біблію.

Адвакатка пытаецца ў пацярпелага, якую юрыдычную працэдуру той выконваў у шпіталі: арышт ці прывад. Сушчэня губляецца, але падкрэсьлівае, што трэ было выканаць загад. Адвакатка даводзіць, што нават калі б у міліцыянтаў былі ўсе належныя дакумэнты, яны не маглі забіраць чалавека на бюлетэні. (Прывад немагчымы, калі чалавек хворы, адпаведна, загад затрымаць — незаконны.)

Прысуд

Маглі даць шэсьць гадоў. Прысуд два гады ўмоўна з адтэрміноўкаю на два гады выглядае ледзьве не падарункам.

Пракурор Канода чытаў матэрыялы сьледзтва, утаропіўшыся ў паперкі, дапытваў сьведкаў, дакранаючыся да свайго твару. Гэта жэсты дыскамфорту й няёмкасьці, унутранага канфлікту ці, прынамсі, складанай задачы.

Два гады ўмоўна — хіба гэта страшна?

Наадварот — гэта мяккасьць, гуманізм да асуджанага. Ён на свабодзе. Гэта ўсё, што могуць зрабіць судовыя чыноўнікі на сваіх пасадах. У нашых палітычных умовах. Сумленьне людзей сыстэмы «чыстае». Кожны зь іх зрабіў свой выбар.

Па вызваленьні з‑пад варты Кастусь Лукашоў падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў. Ён сказаў, што працэс быў помстай ягонай сям’і й спробай спыніць яе актыўнасьць: "Але вольную думку ўвязьніць немагчыма".

Фатаздымак Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?