Дэпутаты палаты прадстаўнікоў 2 красавіка прынялі ў першым чытанні папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях трансплантацыі органаў і тканак чалавека.

Як паведаміў міністр аховы здароўя Васіль Жарко, дзейны закон аб трансплантацыі органаў «істотна пашырыў магчымасці транспланталагічнай дапамогі насельніцтву». Разам з тым, дадаў ён, у дакуменце «недастаткова поўна і ясна замацаваны механізм забору органаў і тканак у трупных донараў».

Жарко зазначыў, што кожны грамадзянін пры жыцці мае права на напісанне заявы аб нязгодзе на забор у яго органаў і тканак пасля смерці. Аднак, зыходзячы з палажэнняў закона, не зусім ясна, ці акумулююцца такія заявы ў адзіную базу, ці існуюць магчымасці аператыўнага данясення да кіраўнікоў арганізацый аховы здароўя пра такія заявы грамадзян.

У сувязі з гэтым папраўкі прадугледжваюць стварэнне адзінага рэгістра трансплантацыі з інфармацыяй пра асоб, якія напісалі заяву аб нязгодзе на забор тканак і органаў пры наступленні смерці.

«Стварэнне адзінага рэгістра дазволіць ажыццяўляць кантроль за выкарыстаннем органаў і тканак чалавека, а таксама забяспечыць аператыўнае аказанне медыцынскай дапамогі асобам, якія маюць патрэбу ў трансплантацыі», — сказаў Жарко.

Міністр аховы здароўя таксама паведаміў, што ў 2011 годзе ў краіне было выканана 175 трансплантацый ныркі, 43 — печані, 21 — сэрца, а за тры месяцы гэтага года выканана 51 трансплантацыя ныркі, 7 — сэрца, 13 — печані.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?